На суд над блогерамі ў Магілёве не пусцілі журналістаў і палітыкаў


11 лютага ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва пачаўся працэс над берасцейскімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Журналістаў і сябраў блогераў у судовую залу не пусцілі, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Блогера з Берасця Сяргея Пятрухіна вінавацяць паводле арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне масавых закалотаў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт 391 («Абраза суддзі») Крымінальнага кодэксу. Аляксандра Кабанава вінавацяць паводле арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне масавых закалотаў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). 11 лютага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва распачаўся разгляд справы. Але ў залу незалежных журналістаў і ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, не пусцілі без тлумачэння прычынаў.

У залу, дзе мае адбыцца суд над Пятрухіным, нікога не пусцілі.
Фота: «Белсат»

 

У выніку людзі пайшлі пісаць скаргі. Не пускалі ў залу працаўнікі Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка і Павел Башарымаў. Міліцыянты сказалі, што нібыта няма месцаў.

На суд прыехалі з Менску Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.

«Людзей, якія занялі месцы ў зале, завялі праз чорны ўваход. Бо праз нас ніхто не праходзіў, а мы чакалі задоўга да пачатку суда. А ў выніку на паседжанні – нейкія амапаўцы, бээрэсэмаўцы, лукамольцы. Не ведаю, дзе яны знайшлі гэтых людзей, але яны занялі залу, і ў суд нікога не пусцілі. А робіцца гэта, бо справа сфабрыкаваная і судзяць невінаватых людзей. І яны робяць усё, каб гэтае паседжанне прайшло максімальна закрыта, сакрэтна, каб беларусы не ведалі дэталяў і подласці судовай сістэмы, якая перастала прэзентаваць закон. Справы насамрэч няма, справа сфабрыкаваная, таму і намагаюцца, каб ніхто пра гэта не даведаўся», – пракаментаваў «Белсату» лідар АГП Мікалай Казлоў.

Праваабаронцы лічаць, што абвінавачанні звязаныя з дзейнасцю Пятрухіна і Кабанава як відэаблогераў. Яны раскрывалі карупцыю і выказваліся пра сацыяльна-экалагічныя праблемы, у тым ліку і акумулятарны завод.

Гісторыі
«У турме стаў беларускамоўным». Хто такі Сяргей Пятрухін, якога разам з блогерам Кабанавым будуць судзіць
2021.02.11 10:50

СК, belsat.eu

 

Стужка навінаў