Міліцыя пагражае страляць па тых, хто будзе пратэставаць 11–12 лютага

У менскай міліцыі зноў прыгразілі праціўнікам дзейнай улады, якія б хацелі пратэставаць падчас Усебеларускага народнага сходу.

Прадстаўнік ГУУС Менскага гарвыканкаму Аляксандр Купчэня ў інтэрв’ю СТВ заявіў, што сілавікі маюць права ўжываць спецсродкі і зброю.

«Мы рухаемся ў супрацьлеглым кірунку». Што планавалі на мінулых УНС – і што атрымалася

«Міліцыя будзе дзеяць згодна з Законам аб органах унутраных справаў. Нам закон дае права ўжываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю ў мэтах, прадугледжаных гэтым законам», – заявіў ён.

Паводле Купчэні, з 10 лютага міліцыя пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Пад 24-гадзінную ахову ўзятыя ўсе аб’екты пражывання і наведання дэлегатаў, усе іхныя маршруты:

«У цэнтральнай частцы гораду з сёння нясуць службу працаўнікі патрульна-паставой службы міліцыі ў складзе парных пешых патрулёў для аховы грамадскага парадку. Акрамя таго, створаны і ўжо пачаў сваю працу Менскі гарадскі аператыўна-сітуацыйны штаб, які адсочвае становішча, апрацоўвае ды аналізуе ўсю інфармацыю, якая ўжо маецца, якая паступае і будзе паступаць».

Усё гэта адбываецца, не зважаючы на тое, што, паводле прадстаўніка міліцыі, пратэстоўцаў меншасць ды ім «пара супакоіцца» і думаць, «як карміць сямʼю».

Пра рыхтаванне міліцыі да УНС сведчыць і тое, што з 7:30 грамадскі транспарт не спыняецца на прыпынку «Станцыя метро «Кастрычніцкая», а на перасячэнні Лабанка і Сухараўскай – корак.

Таксама ў цэнтры гораду стаяць аўтазакі і міліцэйскія бусы.

Аўтазакі ў цэнтры Менску. Фота: чытачы belsat.eu

МГ, belsat.eu

Hавiны