Маці Рамана Бандарэнкі папрасіла суд аб удзеле ў працэсе над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным


Алена Бандарэнка, маці Рамана Бандарэнкі, папрасіла суд аб асабістым удзеле ў паседжаннях па справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Паразмаўляць з жанчынай здолеў TUT.BY.

Высветлілася, што 8 лютага Алена Бандарэнка падала адпаведную заяву на імя старшыні суда Маскоўскага раёну Менску.

«Я лічу неабходным мой асабісты ўдзел у працэсе па справе Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч, таму што ён наўпрост тычыцца майго сына».

Паводле ейных словаў, толькі яна можа даць згоду ўсім удзельнікам працэсу нешта казаць, абмяркоўваць, даследаваць матэрыялы з нагоды стану здароўся і прычынаў смерці адзінага сына.

«Я і раней прасіла, і цяпер настойваю на наданні максімальнай агалосцы ўсяго, што злучана з маім сынам, у тым ліку і з яго смерцю», – кажа Алена Бандарэнка.

Суд над журналісткаю TUT.by Кацярынаю Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага. Паседжанне адбудзецца ў Доме правасуддзя.

Hавiны
Суд над журналісткаю TUT.by Кацярынаю Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага
2021.02.05 14:28

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 года. Ёй і доктару БХМД Арцёму Сарокіну выставілі абвінавачанне ў раскрыцці медычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 178 КК РБ).

Нагодаю стаў апублікаваны артыкул пра тое, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не выявілі алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй СК і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін цяпер у СІЗА № 1 Менску. Пры гэтым сваякі Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзіяў не маюць.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў