Лукашэнка сказаў, што ў Еўропе яго нядаўна назвалі прэзідэнтам. Гэта абверглі


«Белсат» атрымаў адказ Еўрапейскай дыпламатычнай службы наконт сённяшняга выказвання Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас свайго выступу на УНС Лукашэнка заявіў, што старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у нейкім нядаўнім лісце назвала яго прэзідэнтам. Ён падсумаваў: «Я ўдзячны, што яны разумеюць, хто ў доме гаспадар».

Прэс-сакратар Еўрапейскай дыпламатычнай службы Петэр Стана заявіў, што ніякіх лістоў пасля 9 жніўня 2020-га Лукашэнку не дасылалі. Летась, 18 чэрвеня, яму накіравалі ліст з нагоды пераносу Саміту Усходняга партнёрства праз пандэмію. Такія ж атрымалі і лідары пяці іншых краінаў-чальцоў арганізацыі.

Таксама ў адказе заўважаюць, што пасля выбараў, якія «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», Лукашэнка пазбаўлены дэмакратычнай легітымнасці.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў