Канапацкая на УНС папрасіла не забараняць БЧБ-сцяг і змяніць меру стрымання палітвязням. У эфір дзяржмедыяў гэта не трапіла


Былая дэпутка і кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Ганна Канапацкая, як і планавала, узяла ўдзел ва УНС. Яе запрасілі ў якасці госця і нават далі слова напрыканцы першага дня імпрэзы. Але дзяржмедыі вырашылі спыніць жывы эфір на гэтым моманце.

Калі Наталля Качанава абвесціла, што слова дадуць Ганне Канапацкай, тэлеканал «Беларусь 1» скончыў трансляцыю УНС і перайшоў у студыю, дзе абвесцілі, што першы дзень скончаны. А ў эфір на Yotube-канале АНТ патрапіла ўсяго некалькі секундаў з ейнай прамовы.

«Сёння мы бачым: беларускае грамадства падзеленае на дзве часткі. Адна частка – гэта вы, прыхільнікі дзейнай улады, другая – гэта мы, ейныя палітычныя апаненты», – сказала Канапацкая ў гэтым кавалку.

У тэлеграм-канале кіраўніка Круглага стала дэмакратычных сілаў Юрыя Васкрасенскага, які таксама патрапіў на сход, паведамляюць, што Канапацкая, папрасіла не забараняць бел-чырвона-белы сцяг і змяніць меру стрымання людзям, якія «пацярпелі ад грамадзянскага канфлікту мінулага году».

TUT.BY паведамляе, што ў сваёй прамове Канапацкая згадвала пра беспрэцэдэнтнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі ў выбарчы перыяд з боку суседніх дзяржаваў, у першую чаргу – Расеі. На ейную думку, гэта прывяло не толькі да эскалацыі супрацьстаяння ўнутры беларускага грамадства, але і мела негатыўныя наступствы на мільярды долараў. І гэтую кампенсацыю варта патрабаваць ад расейскага ўраду.

Таксама TUT.BY сцвярджае, што Канапацкая звярнула ўвагу на праблемы легітымнасці і законнасці дзвюх галінаў улады. З ейных словаў, у гэткіх умовах неразумна і нясвоечасова прымаць змены ў Канстытуцыю. Таму былая дэпутатка прапануе адкласці гэтае пытанне да абрання новага складу Палаты прадстаўнікоў, у якім будзе забяспечана «шырокае грамадзянскае прадстаўніцтва».

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў