«Хочам дыктаваць свой парадак дня рэжыму». Латушка пра УНС, Макея і план перамогі


11 лютага ў жывым эфіры «Белсату» выступіў кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка. Палітык распавёў пра свае ўражанні ад першага дня УНС, спрагназаваў далейшыя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і растлумачыў, што трэба для перамогі.

Макей можа атрымаць новую пасаду

Адказваючы на пытанне пра УНС, Павел Латушка згадаў, што апошняя пасада, якую ён займаў у Беларусі, – пост дырэктара Купалаўскага тэатру. Таму і ацаніў імпрэзу тэатральнай мовай.

«Гэта спектакль аднаго актора, якога мы чулі на працягу некалькіх гадзінаў. У Станіслаўскага ёсць выраз «Веру ці не». Дык вось, не веру. Тое, што мы сёння пабачылі, – гэта ўсё хлусня. Хлусня практычна кожны сказ, кожны імпульс, кожнае слова, якое ён вымавіў».

Латушка даволі дасціпна пракаментаваў словы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея пра неабходнасць адмовы ад нейтралітэту.

«Макей фактычна можа стаць міністрам спраў па ўзаемаадносінах з Расеяй, бо замежных спраў больш не застанецца, апрача аднаго вектару ў знешняй палітыцы».

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

Кіраўнік НАУ пагаджаецца: зварот Аляксандра Лукашэнкі да палітычных апанентаў – гэта прызнанне іхнай сілы.

«Думаю, ён аддае сабе справаздачу, што тыя працэсы, якія пачаліся ў беларускім грамадстве яшчэ напярэдадні жніўня 2020-га і пасля яго, – гэта магутныя працэсы, вельмі моцныя. Тым больш, ён кажа і пра патрыятычнае выхаванне, і пра неабходнасць узмацнення працы інфармацыйных рэсурсаў – інтэрнэт-рэсурсаў, тэлеграм-каналаў дзяржаўнага ўхілу. Усё гэта сведчыць пра тое, што ён абсалютна аддае сабе справаздачу: той працэс, які пачаўся ў беларускім грамадстве, вельмі магутны.

Але ён не аддае справаздачу аднаму: гэты працэс ужо не перапыніць. У галовах людзей, у сэрцах, душах адбыліся змены. І яны незваротныя. Фактычна ўжо немагчыма вярнуцца ў тую зыходную кропку да выбараў, калі была больш-менш стабільная сітуацыя персанальна для Лукашэнкі».

Добра, а ці можа Лукашэнка аддаць уладу?

Калі Лукашэнка вызнае сілу сваіх апанентаў, можа, ён прыслухаецца да іх і пагодзіцца пагодзіцца на транзіт улады? Латушка мяркуе, што будзе супрацьлеглы шлях.

«Гэта ў прынцыпе чалавек, які не схільны чуць, прыслухоўвацца, рабіць высновы з таго, што кажуць ямы выбарцы і большасць беларусаў. Ён будзе ўмацоўваць сваю ўладу, выкарыстоўваючы сілавы апарат. Мне здаецца, не варта марнаваць час на аналіз перадумоваў ягонага сыходу з улады. Мы ведаем ягоны характар, які заключаецца ў адным: ён не ўяўляе свайго жыцця, свайго лёсу да апошняга дня без пасады прэзідэнта. Ён будзе рабіць усё, каб яе захаваць».

У такой сітуацыі, мяркуе Латушка, беларусам трэба выкарыстоўваць усе даступныя мірныя інструменты, каб вярнуць павагу да свайго голасу. Гэта маральны абавязак перад палітвязнямі і дзясяткамі тысячаў людзей, якія зазналі пераслед уладаў.

А як перамагчы?

Шмат беларусаў і цяпер патрабуе какрэтыкі ад лідараў. Латушка нагадаў, што на гэтым тыдні НАУ і штаб Святланы Ціханоўскай апублікавалі сумесны план перамогі.

«Гэты план сумесных дзеянняў прадугледжвае абсалютна ясныя і зразумелыя, як нам падаецца, інструменты. Таму варта пра іх казаць і варта над імі працаваць. І мы ўжо працуем. Гэта не дэкларацыя, не проста пустыя словы, а тое, што ўжо рэчаісна ажыццяўляецца і штабам, і НАУ. Перадусім гэта маштабаванне ціску на ўлады. Выкарыстанне эканамічнага ціску, персанальных санкцыяў. Гэты ціск – эканамічны і персанальны – звязаны перш за ўсё з тым, што ўлада і сёння на гэтым так званым сходзе, не прызнае фактаў забойстваў, палітычных рэпрэсіяў, гвалту над 10 тысячаў грамадзянаў Беларусі, не хоча распачынаць крымінальныя справы па гэтых злачынствах. І гэта з’яўляецца галоўнай прычынай выкарыстання інструментаў ціску.

Вельмі важнай для нас зʼяўляецца антыпрапаганда, бо фактычна рэжым робіць усё, каб прапагандысцкімі метадамі стварыць падзел у грамадстве. Чаму ён у гэтым зацікаўлены? Бо калі ствараецца гэтая інфармацыйная прастора, што нібыта ў грамадстве існуе падзел, гэта падстава для ціску і санкцыяў супраць беларусаў.

Страйк супрацоўнікаў АНТ і СТБ. 17 жніўня 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Для нас вельмі важна працаваць з чыноўнікамі, якія ўсё больш і больш гатовыя працаваць не для Лукашэнкі, а ў інтарэсах краіны. Мы казалі пра сотні тых дакументаў, пасведчанняў дзяржаўных чыноўнікаў, якія мы атрымалі ў рамках працы НАУ. І мы будзем працягваць гэтую працу да 25 сакавіка. Пазней адказнасць будзе не агульная, а персанальная ў рамках прававой дзяржавы, як гэта існуе ва ўсім свеце.

Наступнае – гэта схіляць сілавы блок да пераходу на бок народу. Гэта вельмі складаная праца, тут я не ідэаліст, але яна распачатая.

І важны інструмент, што ўводзім зараз, гэта лічбавы рэферэндум. Гэта наш парадак дня, які мы прапануем беларускаму грамадству. Мы спадзяемся на падтрымку беларусаў. Хочам – і я думаю, ужо зрабілі першыя крокі – дыктаваць свой парадак дня рэжыму. Паставім на гэты рэферэндум важныя для грамадства пытанні, якія яно абярэ самое.

Пасля гэтага рэферэндуму ў нас зʼявіцца дадатковы інструмент ціску на ўладу з пункту гледжання выканання волі беларускага народа. Бо Лукашэнка таксама заяўляе – і ў праекце УНС ідзе гаворка – пра магчымае правядзенне рэферэндуму. І мы будзем ставіць пытанне пра рэчаісны рэферэндум, менавіта з нашым парадкам дня, які хоча паставіць грамадства. Ну і вулічная актыўнасць».

Гэты план Латушка назваў «Вясна-2021».

ЯП, belsat.eu

 

Стужка навінаў