Дэлегат у балаклаве? Жыхары Вялейкі не могуць даведацца, хто «ад іх» паехаў на УНС


Дэлегаты ад Вялейскага раёну, якія паехалі на гэтак званы Усебеларускі народны сход, застаюцца ананімнымі для мясцовых жыхароў, пішуць удзельнікі суполкі «Это Вилейка, детка».

Рыхтаванне да Усебеларускага народнага сходу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 6 лютага 2021 года.
Фота: АВ/«Белсат»

Суполка «Это Вилейка, детка» аб’ядноўвае 15 820 карыстальнікаў «УКантакце» і 1254 у Telegram. Гэта прыблізна кожны трэці ці чацвёрты жыхар раёну.

Удзельнікі суполкі запісалі размову са старшынёю савету дэпутатаў Вялейскага раёну Аленаю Чабатар. Вось што яна адказала на пытанне пра абранне ананімных дэлегатаў:

– Удзельнікаў абралі на сесіі 30 снежня.

– Дзе знайсці інфармацыю, хто абраны дэлегатам? Яны ж прадстаўнікі народу?

– Вось яны на сесіі абраныя і зацверджаныя. У вольным доступе мы не абавязаныя друкаваць іхных прозвішчаў.

Чабатар не раскрыла і агульнай колькасці дэлегатаў ад раёну, толькі лік абраных дэлегатаў ад дэпутатаў раённага і сельскіх саветаў – сем асобаў.

У арганізацыйным аддзеле райвыканкаму таксама не здолелі распавесці, каго ж абралі на «Усебеларускі сход» ад жыхароў раёну.

Аналітыка
«Мы рухаемся ў супрацьлеглым кірунку». Што планавалі на мінулых УНС – і што атрымалася
2021.02.11 07:21

У грамадскай прыёмнай, дзе збіралі пытанні для аргкамітэту УНС, адказалі, што агульная колькасць дэлегацыі – 10 чалавек, аднак каго абралі, не ведаюць.

Няма інфармацыі пра твар Вялейскага раёну на УНС і на сайце раённай газеты «Шлях перамогі». Таксама няма агульнага спісу дэлегатаў на афіцыйным сайце УНС.

Тая ж праблема, як высвятляецца, існуе і ў іншых раёнах Беларусі: напрыклад, у Баранавічах.

А вы ведаеце «свайго дэлегата» на УНС?

Р. Лапіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў