«Восьмая або дзявятая ходка». Расейскі журналіст Шэндэровіч распавёў, чаму з'ехаў з Расеі


Вядомы расейскі журналіст і пісьменнік Віктар Шэндэровіч паведаміў 11 студзеня, што з’ехаў з Расеі, дзе яму пагражае турма. Падрабязна пра прычыны адʼезду ён распавёў у эфіры «Вот так».

Віктар Шэндэровіч мяркуе: тое, што з ім адбылося, нельга назваць пераездам: адпачываў з сям’ёй у Еўропе на Новы год, збіраўся вярнуцца ў Маскву, але пакуль застаецца з дачкой у Варшаве, дзе яна жыве.

«Пакуль можна канстатаваць, што я зʼехаў з Расеі, – кажа Шэндэровіч. – Я не рыхтаваўся да гэтага, гэта ўсё здарылася для мяне даволі раптоўна.

У адзін дзень, 30 снежня я быў абазваны «замежным агентам», і ў гэты ж дзень была заява аб узбуджэнні супраць мяне крымінальнай справы».

Гісторыі
Беларуска была вымушаная ўцякаць з Санкт-Пецярбургу праз пераслед за акцыі салідарнасці
2022.01.09 08:00

Раней Шэндэровіч ужо сустракаўся ў грамадзянскім судзе з Яўгенам Прыгожыным – бізнесоўцам з атачэння Уладзіміра Пуціна, з якім звязваюць баевікоў «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера». Ён быў гатовы зноў судзіцца з Прыгожыным, але кажа, што не быў гатовы да крымінальнай справы – кажа, маглі да суда «закрыць», і «гаворка ішла не пра суд, а пра расправу, для якой былі б юрыдычныя падставы».

«Я палічыў за лепшае не адчуваць якасць пуцінскага правасуддзя, – патлумачыў Шэндэровіч. – Я добра ведаю, з чым маю справу. У мяне гэта восьмая ці дзявятая ходка за 25 гадоў, я рэцыдывіст, у мяне было некалькі крымінальных працэсаў. Але гэта былі розныя часы! Цяпер надышлі часы зусім жорсткія і зусім вызначаныя ў гэтым сэнсе – у сэнсе адміністрацыйнага бязмежжа».

Ён разважае: калі пасля няўдалай спробы апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага ўлада пасадзіла ў турму, то ўладзе ўжо «няма чаго губляць і няма куды адступаць».

Віктар Шэндэровіч у эфіры «Вот Так TV». 11 студзеня 2021 году. Скрыншот: Белсат

Шэндэровіч мяркуе, што хвалі «пуцінскай эміграцыі» адбываюцца дзесяцігоддзямі: у Еўропе і Амерыцы ён заўважыў шмат маладых і адукаваных мігрантаў з Расеі. У 2021 годзе рух узмацніўся, але пачаўся ён пасля падаўлення пратэстаў на Балотнай плошчы ў Маскве ў 2011 годзе і затым – пасля анексіі Расеяй украінскага Крыму. Сам ён стараўся заставацца ў Расеі «колькі мог».

Пуцінскую палітыку Шэндэровіч лічыць шкоднай для Расеі, але прызнае: «Гэта ідэал для яго, каб мы наогул усе з’ехалі, а ў Расеі застаўся абслугоўваючы персанал», «артысты для карпаратываў» і «людзі, якія будуць нафту і газ здабываць». А ідэй, што рабіць з інтэлектуаламі, пуцінская ўлада не мае, упэўнены ён.

Шэндэровіч згаджаецца з жартам аб тым, што «Беларусь і Расея глядзяць адзін і той жа серыял, але беларусы на некалькі сезонаў наперадзе». А што наперадзе ў Расеі? Шэндэровіч мяркуе, што Пуціна моцна напалохаў «беларускі 2020 год» і моцна абнадзеіў «беларускі 2021-ы»: высветлілася, што можна страціць падтрымку, але заглушыць пратэст катаваннямі, сілавым ціскам.

Размова
Лукашэнка аддаў Пуціну самае галоўнае
2021.12.30 17:37

Пуцін цяпер даганяе Лукашэнку, які «адкатаў для яго сцэнар».

«Іншае пытанне – што з гэтай уладай рабіць, – разважае Шэндэровіч пра Пуціна. – Гэта “рэч у сабе”. Яму ўлада патрэбна, каб захаваць уладу. Ім улада патрэбная, каб красці, а сілавыя органы – для таго, каб прэсаваць тых, хто перашкаджае красці.

Ніякай трэцяй задачы няма. У Савецкага Саюзу былі нейкія ілюзіі, фантомныя болі, задачы… у гэтых задача – толькі застацца ва ўладзе. Драматызм сітуацыі і для іх, і для нас у тым, што ім позна піць «Баржомі»: яны не могуць проста сысці як Клінтан і граць на саксафоне. Ці нават як Трамп, але проста сысці. Яны праскочылі адсечкі легітымнай здачы ўлады».

Ні Пуцін, ні Лукашэнка не могуць проста сысці з улады, лічыць ён. Яшчэ і ўрок для Пуціна з супрацьстаяння ў Казахстане: «ніякіх пераемнікаў». Шэндэровіч пры гэтым сумняваецца, што ўсё скончыцца трыбуналам – хутчэй, смерцю з натуральных прычын.

Размова
Ці разваліцца Расея праз увод войск у Казахстан?
2022.01.11 12:02

***

Шэндэровіч вядомы не толькі як журналіст і тэлевядоўца, але і як сатырык, і як паэт, і як педагог. Сябра расейскага Саюза пісьменнікаў з 1992 года, у тым жа годзе пачаў працаваць на тэлебачанні. У 1997-2002 гадах быў вядоўцам папулярнай тэлеперадачы «Итого» на расейскім НТВ і (пасля разгону ўладамі НТВ) на ТБ-6. У 2008 годзе ўвайшоў у апазіцыйны «Камітэт-2008». Пазней працаваў на тэлеканалах RTVi і «Дождь», публікаваўся ў доўгім шэрагу расейскіх інтэрнэт-выданняў, ад «Новой газеты» да «The New Times».

АА/ММ belsat.eu

Стужка навінаў