У снежні па Беларусі прайшла дзіўная хваля ператрусаў: нібы нічога не шукалі і садзіць не хацелі


З пачатку снежня 2021 года сталі з’яўляцца навіны пра аднатыпныя ператрусы па ўсёй Беларусі ў людзей, якія былі палітычна актыўныя на выбарах-2020 – пераважна ў назіральнікаў. Але пасля масавых ператрусаў не было гучных масавых «пасадак».

Аб хвалі ператрусаў у назіральнікаў на выбарах 2020 года ў снежні 2021-га паведамлялі шматлікія медыі і ініцыятывы. Праваабаронцы казалі, што разнарадка ёсць аж на 5 тысяч ператрусаў, а крыніца Kyky.org перадала спіс пытанняў, якія сілавікі мусяць задаваць у палітычных справах. Урэшце дэмакратычныя партыі адмовіліся вылучаць назіральнікаў на рэферэндум ва ўмовах рэпрэсіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АС / Белсат

Мінуў снежань, пачаўся студзень – хваля сціхла, пра гучныя «знаходкі» або масавыя арышты не паведамлялі. Шмат каго з затрыманых вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні. Нічога не знайшлі – або і не шукалі?

Як гэта было: правялі ператрус не на той кватэры, склалі пратакол за карцінку, асудзіць «забылі»

Актывістка Алена была назіральніцай на выбарах-2020 у Менску, назірала ўсе дні галасавання, тройчы ўцякала ад АМАПу. З таго часу, кажа яна «Белсату», яна перажыла тры ператрусы: у лістападзе 2020 года пасля затрымання на маршы на Дзяды прыйшлі з ператрусам да ейнага мужа, у жніўні 2021 года ператрус быў ужо адносна ейнай справы за ўдзел у працы платформы «Сход», у снежні 2021-га прайшлі з ператрусам міліцыянты і ГУБАЗіК. З ейнай «назіральніцкай купкі» завіталі толькі да яе, але частка назіральнікаў ужо з’ехала з Беларусі.

Алена была гатовая да ператрусу, бо тады ўжо пайшлі паведамленні пра хвалю ціску на былых назіральнікаў. Першым чынам, як прачыналася, ішла глядзець у акно, ці не стаяць у двары чужыя падазроныя аўтамабілі:

«Калі няма чужых машынаў, намытых ці не запарушаных снегам, тады вальней пачуваюся, – смяецца яна. – А калі не дай бог будзе, дык трэба хутчэй адзявацца, бо ў мінулы раз мяне ў négligé заспелі!»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але яна была гатовая, што прыйдуць дадому, а прыйшлі на працу: толькі па яе ў офіс з’явіліся пяць чалавек, у дзвюх машынах перад офісам былі яшчэ сілавікі. Павезлі чамусьці не ў кватэру, дзе яна фактычна жыве, а ў кватэру, дзе яна юрыдычна зарэгістраваная і якую здае кватарантам. Алена заклікала ехаць да месца жыхарства, але яе не паслухалі.

Як у мінулыя разы, так і ў снежні падчас ператрусу не пераварочвалі рэчы, не чынілі пагром. Ператрэслі кватэру, нічога не знайшлі, павезлі ў ГУБАЗіК. Там канфіскавалі тэлефон.

Беларус беларусу
Сілавікі штурмавалі кватэру берасцейскіх актывістаў на пажарнай машыне
2022.01.10 13:47

На яе не асабліва ціснулі – Алена кажа, хутчэй нават яна ціснула на міліцыянтаў, спрабавала «закласці зерні сумневу», бо на трэці ператрус яна нават не спужалася (у лістападзе ці снежні 2020-га «перайшла рубікон страху»), а проста расказала, што думае пра падзеі. Хлопцы, заяўляе яна, малаадукаваныя. Потым у ГУБАЗіКу прайшоў допыт паводле згаданага спісу. Апытвалі як сведку ў крымінальнай справе паводле артыкулу 130 – «Распальванне варожасці». Далі падпісаць паперу з абавязкам не ўдзельнічаць у экстрэмісцкіх фармаваннях.

Хоць у кватэры нічога не адшукалі, у тэлефоне знайшлі выяву лацінскай літары U са стрэлачкай уніз – лагатыпу названага «экстрэмісцкім» парталу Tut.by. З ГУБАЗіКу адвезлі ў РУУС, пасадзілі ў «малпоўню» на 5 гадзінаў, не давалі вады, адабралі ўсё магчымае, хацелі нават выламаць металічныя косткі са станіка (апошняга Алена ўгаварыла не рабіць). Увечары склалі пратакол, хацелі выправіць у ізалятар на Акрэсціна, але кіраўнік міліцыянтаў заўважыў, што ў Алены ёсць непаўналетняе дзіця. Вызвалілі пад абавязальніцтва прыйсці на суд на наступны дзень

Але на наступны дзень яна не дачакалася суда: праседзела ў будынку дзве з паловай гадзіны, сакратарка суда ўрэшце сказала, што суд перанясуць, трэба чакаць позвы або SMS. Позва так і не прыйшла. Засталася толькі забарона на выезд з Беларусі.

Hавiны
Менчука аштрафавалі на 1450 рублёў за араматычную свечку ў вакне
2022.01.03 20:27

Спісы на ператрусы, спісы на звальненне, спісы ў падатковай…

Адна чытачка «Белсату» расказвае, што на выбарах-2020 была назіральніцай у Менску, але ў канцы 2020 года разам з мужам і дзецьмі з’ехала за мяжу – пасля чатырох пратаколаў і двух судоў. Увесну 2021-га вярталася ў Беларусь у сямейных справах – і на наступны дзень па прыездзе атрымала ліст з падатковай з патрабаваннем падаць дэкларацыю. Ва ўласнасці яна нічога не мела, таму даслала дэкларацыю лістом з паведамленнем.

Вярнулася за мяжу – і ўлетку атрымала паведамленне з падатковай аб камеральнай праверцы і неабходнасці з’явіцца ў падатковую. Восенню атрымала яшчэ адзін ліст ад падатковай, у студзені 2022-га – яшчэ адзін, ужо аб тым, што трэба з’явіцца дзеля складання пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні. Па тэлефоне нешта тлумачыць адмовіліся, але чытачка чула ў фонавых размовах падчас тэлефанавання, што яна ў нейкіх спісах. Урэшце высветлілася, што з дэкларацыяй усё добра, але падатковая вырашыла зладзіць праверку за 10 гадоў і прыгразіла забраць 16 % з пераводаў на дзяцей і ад мужа.

Артыкулы
Забілі мужа і патрабуюць грошай ад удавы. Жонцы Тарайкоўскага налічылі падатак з дапамогі ад беларусаў
2021.06.16 10:27

Яшчэ адна чытачка «Белсату» заяўляе, што з дзевяці незалежных назіральнікаў з ейнага ўчастку чацвёра цяпер за мяжой, двое жывуць не на месцы прапіскі, а да двух прыходзілі з ператрусамі на пачатку снежня, «урываліся шэсць чалавек са зброяй а 7-й раніцы», але «кватэры аглядалі павярхоўна, больш капаліся ў тэлефонах і камп’ютарах». Назіральнікі былі гатовыя, з «чыстымі» тэлефонамі – нікога не затрымалі, далі толькі падпісаць папярэджанні аб незаконнасці ўдзелу ў «несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BELAPAN / Reuters / Forum

Гэтая ж чытачка расказвае і пра тое, як начальнікі ўспрымаюць спісы на звальненні за палітычную актыўнасць. Кажа, ейная сваячка працуе ў дзіцячым садку ў Менску, куды прыйшоў спіс на звальненне з васьмю імёнамі, але загадчыца абмежавалася тым, што паказала калектыву спіс і дала справаздачу, што правяла тлумачальную размову.

Аднак мужа той сваячкі збіраліся звольніць з пасады трэнера ў дзяржаўным спартовым комплексе за подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата – і паведамілі пра гэта ў дзень, калі б мусілі ўзнагароджваць за медалі, што заваявалі ягоныя гадаванцы, але ўрэшце перадумалі і працягнулі кантракт «пад асабістае паручальніцтва» начальніка.

Hавiны
Міністр спорту Кавальчук загадаў «зачысціць» усіх, хто падпісваўся не за Лукашэнку
2022.01.07 17:28

Навошта гэта? Каб не пусціць назіраць за рэферэндумам ці каб проста запужаць?

На думку знаёмых назіральнікаў актывісткі Алены, хваля ператрусаў была дзеля таго, каб загадзя распачаць справы, а перад рэферэндумам пасадзіць пад арышт як мага больш назіральнікаў. Але ніякіх намёкаў на гэта ад сілавікоў не было: пыталіся строга паводле «стандартнага» спісу, сказалі толькі, што «нічога добрага з вамі не будзе», «перспектывы дрэнныя».

Лідарка супольнасці «Честные люди» Алена Жываглод кажа «Белсату», што да Новага года была хваля ціску і ператрусаў у актывістаў 2020 года – не толькі назіральнікаў, але і тых, хто толькі «стаяў побач» з грамадзянскай актыўнасцю.

Ініцыятыва рабіла рассылку пра магчымыя ператрусы, атрымлівала ў адказ гісторыі пра ціск: гэта былі пераважна ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі, з апытаннем паводле згаданага спісу, але без затрыманняў. Колькі агулам было ператрусаў, не вядома, але менавіта «Честным людям» пра ператрусы расказалі восем чалавек з «актыву», адзін таксама згадаў пра размову ў пракуратуры.

Hавiны
Вяртанне ў СССР або падрыхтоўка да рэферэндуму? Навошта ўрад хоча ўвесці бонусныя карткі на ежу
2021.12.01 15:42

Хваля сапраўды сціхла, мэтанакіраванага ціску ў студзені ўжо не адбываецца. Жываглод мяркуе, што ціск перакінуўся на будучых чальцоў выбарчых камісіяў.

«Трэба разумець, што гэта было зроблена з мэтай запалохвання, – упэўненая Жываглод. – Як толькі мы абвясцілі сваю стратэгію на так званы рэферэндум, сказалі, што заклікаем прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэні несапраўднымі, такая рэакцыя пайшла».

Яна падкрэслівае, што да гэтага трэба ставіцца менавіта як да страху рэжыму перад тым, што можа адбыцца на рэферэндуме. Хваля выглядала хаатычнай, не падобнай да паслядоўнага ходу «па спісах пад арышт».

І што рабіць?

Юрысты і праваабаронцы шмат разоў давалі розныя парады, як паводзіць сябе падчас ператрусаў і на допытах. Актывістка Алена дае ўласныя парады тым, хто жыве ў чаканні візіту сілавікоў.

Яна кажа, што даволі спакойна пачувалася на апошнім ператрусе, бо ведае, што за ёй «сцяна» з ейных родных і сяброў, што «не прападзе», а «закрыюць – ну, буду закрытая». Запужаць яе звальненнем таксама не ўдасца, бо яна працуе не ў дзяржаўнай структуры. Калі становіцца неспакойна, ходзіць у касцёл, але намагаецца не губляць аптымізму і памятаць, супраць чаго выступае і з чым змагаецца: перадусім са сваім страхам. Далей за тры дні нічога не плануе. Смяецца, што так цікава, як цяпер, ніколі не жыла: «рэальны адрэналін».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

Калі Алену затрымлівалі першы раз, байцы АМАПу пагражалі яе забіць, нецэнзурна лаяліся «так, што на ўсё жыццё хопіць». Але ў час апошняга ператрусу такой агрэсіі з боку сілавікоў не было: яна зразумела, што калі з ходу не накідваюцца, то варта паводзіць сябе «іранічна, але больш-менш спакойна», са свайго боку не правакаваць канфлікт.

«Калі ты не паказваеш свайго страху, сваіх нерваў, яны паводзяць сябе інакш, – кажа актывістка Алена пра сілавікоў. – Яны ж у мяне пыталіся, чаму я не баюся. Я адказала: а чаго мне баяцца? Ну пакараеце вы мяне ні за што, дык гэта будзе пакаранне не мне, а вам. Я як-небудзь перажыву, наўрад ці вы мяне прымусіце думаць інакш. Не трэба паказваць ім свайго страху».

Яна кажа, што ператрусы навучылі яе акуратна складаць бялізну ў шафе, каб можна было паказаць з гонарам, не захоўваць удома ніякіх каштоўнасцяў і грошай, акрамя мінімальна неабходных, нічога, што можа «зачапіць вока» сілавікоў і што могуць адабраць.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

АА belsat.eu

Стужка навінаў