Музычны крытык Арцемій Троіцкі паабяцаў пагаліць галаву: прайграў спрэчку пра Лукашэнку


Бяда, кажа ён, не ў лысай галаве, а ў тым, што беларусам давядзецца жыць з Лукашэнкам.

Вядомы расейскі музычны журналіст і крытык, дарадца Беларускай рады культуры Арцемій Троіцкі ў пачатку 2021 года ў відэаблогу на ARU TV заявіў, што пастрыжэцца налыса, калі Аляксандр Лукашэнка да канца года застанецца ва ўладзе.

Лукашэнка застаўся, а Троіцкі памятае пра абяцанне: згадаў яго спачатку ў калонцы на эстонскім «Delfi», а потым у інтэрв’ю Youtube-каналу «И грянул Грэм». Маўляў, яшчэ перад Новым годам яму напісалі сотні паведамленняў з пытаннем, калі ж ён пастрыжэцца.

На момант другога інтэрв’ю, якое ён даў 11 студзеня, валасы яшчэ былі на галаве Троіцкага. Ён кажа, сам і забыў ужо пра тую гісторыю.

«Валасоў мне зусім не шкада – новыя адрастуць. А вось змучаную шматгадовым катаваннем Беларусь вельмі шкада», – пісаў ён на «Delfi». У эфіры 11 студзеня ён паўтарыў гэта і дадаў: тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта «стоадсоткавы сертыфікаваны фашызм».

Цяпер ён патлумачыў, што вельмі заўзее за народ Беларусі і за свабодную Беларусь, а таксама ўпэўнены, што рэжым Лукашэнкі «трымаецца толькі на штыках», не мае рэальнай народнай падтрымкі і падтрымкі з-за мяжы, акрамя Расеі. Таму ў пачатку 2021 года Троіцкі і дзяліўся аптымістычнымі здагадкамі. Як піяр-кампанію ён гэта не планаваў, запэўнівае Троіцкі.

Кажа, толькі расчараваны, што беларусы «не даціснулі» і не аднавілі пратэсты пасля вясны 2020-21 гадоў. Але «ў стратэгічным сэнсе» мае аптымізм адносна Беларусі: калі не месяцы, то гады Лукашэнкі «злічаныя». Зноў рызыкаваць шавялюрай з дакладнымі прадказаннямі ён не адважыўся.

Артыкулы
Арцемій Троіцкі: Беларусам у жніўні 2020 г. трэба было ісці да канца
2021.06.07 15:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў