«Google» прайграў у Вярхоўным Судзе Міністэрству гандлю Беларусі


Расейскі «Яндекс» паскардзіўся, што на Android-смартфоны разам з крамай праграмаў «Google Play Store» усталёўваюцца і іншыя сэрвісы «Google».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Android-смартфон з сэрвісамі «Google».
Фота: pxhere.com, CC0

Судовая калегія эканамічных справаў Вярхоўнага Суда Беларусі на закрытым паседжанні 4 студзеня адмовіла амерыканскай кампаніі «Google LLC» у пазове супраць Міністэрства гандлю Беларусі, расказвае «Новая деловая газета» са спасылкай на базу судовых рашэнняў.

Фармальна вядома толькі тое, што справа была «аб праверцы законнасці нарматыўных актаў, дзеянняў (бяздзеянняў) дзяржаўных органаў, службовых асобаў». Але сутнасць справы ў мінулым жніўні раскрыла Мінгандлю.

Рэч у тым, што на смартфонах з аперацыйнай сістэмай «Android» (а гэта практычна ўсе, акрамя «iPhone») па змоўчанні ўсталяваная крама праграмаў «Google Play Store», якая не можа функцыянаваць без праграмнага інтэрфейсу (API) «Google Mobile Services», а ў камплекце з «Play Store» і «Google Mobile Services» ідуць іншыя прадукты «Google»: пошук, мапы, пошта, браўзер «Chrome», відэасэрвіс «YouTube»…

Аб’ектыў
Акаўнты рэжыму знікаюць з Google i Youtube
2021.11.02 21:38

На гэта ў Мінгандлю Беларусі паскардзіўся ў 2019 годзе расейскі «Яндекс», які мае ўласныя пошук, мапы, браўзер і іншыя сэрвісы, што канкуруюць з «Google». Праўда, пакуль скаргу разглядалі, «Яндекс» закрыў сваю ўласную краму мабільных праграмаў «Яндекс.Store», але прэтэнзіяў да «Google» не зняў.

Мінгандлю правёў уласную праверку і пастанавіў, што «Play Store» перадусталёўваюць на смартфоны з «Android» разам з іншымі сэрвісамі «Google» і ставяць спасылкі на праграмы і сэрвісы «Google» на пэўных месцах на экранах смартфонаў, а «ў абмен на ўзнагароду» ад «Google» вытворцы робяць сэрвісы «Google» праграмамі па змоўчанні і ставяць абарону на перадусталёўванне праграмаў ад іншых кампаніяў. А гэта парушае антыманапольнае заканадаўства.

Пасля паразы ў судзе «Google» мусіць зліквідаваць парушэнні (імаверна, абавязак датычыць толькі апаратаў, якія пастаўляюць у Беларусь). Тэарэтычна, гэта можна зрабіць, прапанаваўшы карыстальнікам альтэрнатывы сэрвісам «Google» ад таго ж «Yandex» або ад іх канкурэнтаў. Таксама за «парушэнне правілаў антыманапольнага заканадаўства» кампанію «Google» могуць аштрафаваць на суму ад 640 да 3200 беларускіх рублёў паводле арт. 13.31 КК РБ.

Гісторыі
«Вконтакте» споўнілася 15 гадоў. 10 фактаў пра сацсетку
2021.10.10 13:25

Падобныя суды – не нешта надзвычайнае. Паводле падобных антыманапольных справаў IT-гігантаў штрафавалі і ў Еўразвязе, і ў Расеі.

Рэч у тым, што далёка не ўсе карыстальнікі мяняюць праграмы па змаўчанні на нейкія іншыя: напрыклад, калі «Microsoft» стымулюе вытворцу ноўтбука разам з запатрабаваным у пакупніка «Windows» ставіць браўзерам па змаўчанні не такі запатрабаваны «Internet Explorer», а пошукам па змаўчанні «Bing», то зусім не факт, што карыстальнік захоча перайсці на тыя ж «Chrome» і пошук ад «Google» або на сэрвісы іншых кампаніяў, а прыбытак з рэкламы ў тым жа пошуку хутчэй атрымае «Microsoft».

Hавiны
Расейскі суд забараніў пошук у Google і «Яндэкс» па запыце «разумнае галасаванне»
2021.09.05 15:29

АА belsat.eu

Стужка навінаў