«Belarus Security Blog»: Войскі АДКБ у Казахстан увялі з парушэннем міжнародных пагадненняў


Міратворчая аперацыя АДКБ у Казахстане праводзіцца з парушэннем патрабаванняў і ўмоваў, замацаваных у міжнародных пагадненнях, падпісаных у межах Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пра гэта паведамляецца ў аналізе ад «Belarus Security Blog».

Расейскія войскі ў Казахстане.
Фота: Мінабароны РФ

Паводле высноваў «Belarus Security Blog», Дамова аб калектыўнай бяспецы вызначае дзве падставы для адпраўкі вайсковых сілаў АДКБ на дапамогу дзяржаве-ўдзельніцы:

– унутраныя праблемы (пагрозы бяспекі, стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту або пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы) згодна з арт. 2;

– акт вонкавай агрэсіі згодна з арт. 4.

Размова
Ці разваліцца Расея праз увод войск у Казахстан?
2022.01.11 12:02

Старшыня Савету калектыўнай бяспекі АДКБ, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што Калектыўныя міратворчыя сілы (КМС) АДКБ накіраваныя ў Казахстан у адпаведнасці з арт. 4 Дамовы, то бок для падтрыманне краіны – чальца арганізацыі, якая падверглася вонкавай агрэсіі.

«Між тым да гэтага моманту афіцыйны Нур-Султан/Астана так і не падаў доказаў факту вонкавай агрэсіі супраць Казахстану, не названы і агрэсар», – гаворыцца ў аналізе.

Таксама ў Палажэнні аб калектыўных міратворчых сілах АДКБ паведамляецца, што зону адказнасці КМС АДКБ вызначаюць або бакі канфлікту, або мандат на правядзенне міратворчай аперацыі. А юрыдычная аснова для размяшчэння і ўжывання КМС – мандат, у якім мусіць быць вызначаны тэрмін аперацыі з указаннем даты пачатку і заканчэння або палітычных умоваў, пры якіх КМС будуць выведзеныя з зоны канфлікту, колькасць і склад КМС, а таксама іх задачы.

Але, спасылаючыся на заявы генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася, «Belarus Security Blog» заяўляе, што тэрмін перабывання КМС АДКБ у Казахстане невядомы, дыслакацыя вызначаецца на месцы, не выключаецца імавернасць выкарыстання міратворцаў АДКБ для здушэння пратэстаў. Апроч таго, да гэтага часу няма дакладнай інфармацыі аб колькасці міратворчага кантынгенту: лікі вагаюцца ад 2 тыс. да 7 тыс. вайскоўцаў.

Таксама КМС могуць быць уведзеныя ў раён канфлікту толькі пасля дасягнення паміж бакамі канфлікту пагаднення аб спыненні агню або замірэння і выканання імі гэтых пагадненняў. Але яшчэ 7 студзеня прэзідэнт Казахстану Такаеў заявіў, што не мае намеру весці ніякія перамовы.

Hавiны
Такаеў заявіў пра завяршэнне місіі АДКБ у Казахстане
2022.01.11 08:56

«Відавочна, што падзеі ў Казахстане, якія паслужылі падставай для ўвядзення КМС АДКБ, не маюць прыкметаў палітычнага/грамадзянскага канфлікту. У дадзенай сітуацыі размова ідзе аб неабходнасці правядзення праваахоўнай аперацыі, а не міратворчай. Хаця арт. 2 Дамовы аб калектыўнай бяспецы і можа разглядацца як падстава для правядзення міжнароднай праваахоўнай (паліцэйскай) аперацыі на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы, існая ў рамках АДКБ дамоўная база не змяшчае працэдуры арганізацыі яе правядзення», – адзначаецца ў аналізе.

Такім чынам, прыходзяць да высновы ў «Belarus Security Blog», «КМС АДКБ накіраваныя ў Казахстан і перабываюць у гэтай краіне з парушэннем існай міжнароднай юрыдычнай базы».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў