Як складуцца адносіны Расеі ды ЗША пасля пераабрання Оўбамы?


Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў зладзіў сёння адмысловую канферэнцыю, прысвечаную будучыні двухбаковых адносінаў.

Размова датычыла перадусім ядравай бяспекі і развіцця сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе. Шмат якія назіральнікі мяркуюць, што Оўбама, у адрозненне ад свайго суперніка па выбарчай гонцы Міта Ромні, не будзе ціснуць на Крэмль у гэтай справе.

Ва ўчорашнім інтэрв’ю «Белсату» палітолаг Аляксандр Класкоўскі выказаў меркаванне, што нельга лічыць Оўбаму «лагаднейшым». Эксперт падкрэсліў, што для Беларусі пагаршэнне расейска-амерыканскіх стасункаў было б надзвычай неспрыяльнае.

«Ёсць небяспека, што Беларусь будзе ўцягнутая ў супрацьстаянне дзвюх ядравых дзяржаваў. І гэта не на карысць Беларусі, бо тэрыторыя краіны можа стаць такім разменным плацдармам. Могуць пагоршыцца яшчэ болей дачыненні з Польшчаю, бо амерыканцы і там хочуць усталяваць сістэму супрацьракетнай абароны», – зазначыў Класкоўскі.

{movie}Рычард Бэрт і Ігар Іваноў пра стасункі ЗША-Расея пасля пераабрання Оўбамы|right|7380{/movie}Тым часам, былы кіраўнік перамоўнай місіі ЗША – Расея Рычард Бэрт кажа, што мяч на расейскім баку: «Я лічу, што гэта вялікае пытанне – наколькі расейскі ўрад і расейскі прэзідэнт хочуць весці справы са Злучанымі Штатамі. Я маю на ўвазе, што Пуцін мае свой парадак дня, ён кажа пра стварэнне Еўразійскага саюзу, ужо стварыў Мытны звяз з Казахстанам і Беларуссю”.

Паводле Бэрта, не зразумела, які прыярытэт даецца адносінам з Еўразвязам або Злучанымі Штатамі. „У сваю чаргу новая адміністрацыя Оўбамы будзе адкрытая да стасункаў з Расеяй. Я думаю, гэтага хоча прэзідэнт Оўбама. Думаю, ён хацеў бы ажывіць эканамічныя зносіны і хоча далейшага прагрэсу. Супрацьракетная абарона – вось што падвешана ў паветры. Але я лічу, што ён ужо даў зразумець, што гатовы разам шукаць развязання гэтай праблемы. Аднак мы не атрымалі ніякага сігналу з боку пуцінскай адміністрацыі, што яны хочуць палепшыць стасункі са Злучанымі Штатамі», – кажа Рычард Бэрт.

Кіраўнік расейскага Міністэрства замежных справаў таксама не ў стане сказаць, ці прагне Расея паляпшэння адносінаў. Разам з тым ён падкрэсліў, што з Оўбамам стасункі прынамсі не пагоршацца.

belsat.eu

Стужка навінаў