КДБ успомніла пра Алега Бябеніна?


На допыт выклікалі Вікторыю Колчыну, якая здымае для тэлеканалу “Белсат” фільм пра загінулых журналістаў.

Журналістку Вікторыю Колчыну праз тэлефон выклікалі на допыт у КДБ на 6 студзеня, 12-ю гадзіну. Ёй патлумачылі, што хочуць “паразмаўляць наконт Змітра Бандарэнкі”.

Змітра Бандарэнку, давераную асобу Андрэя Саннікава, як і самога экс-кандыдата, трымаюць у ізалятары КДБ у Менску. Яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі масавых закалотаў у беларускай сталіцы 19 снежня. Зміцер Бандарэнка быў таксама сябрам Алега Бябеніна.

Вікторыя Колчына здымае для нашага тэлеканалу стужку пра беларускіх журналістаў, якія загінулі ў выніку сваёй прафесійнай дзейнасці пры нявысветленых акалічнасцях. У справе Алега Бябеніна яна некалькі разоў спрабавала звязацца са Змітром Бандарэнкам.

Нагадаем, цела Алега Бябеніна знайшлі ў пятлі летась 3 верасня на ягоным лецішчы ля Менску. Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю смерці стала самагубства. Сябры ды калегі мяркуюць, што гэта забойства. Алег Бябенін заснаваў буйны апазіцыйны інтэрнэт-рэсурс “Хартыя’97” (charter97.org) і кіраваў ім. Падчас прэзідэнцкіх выбараў ён меўся стаць адною з асноўных асобаў у камандзе Андрэя Саннікава.

Сёння стала вядома, што пракуратура Менскай вобласці паўторна адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце смерці Бябеніна. “Версія аб самагубстве не ставілася пад сумнеў”, – цытуе “Інтэрфакс-Захад” памочніцу пракурора Менскай вобласці Таццяну Калінкіну. Яна таксама паведаміла, што падчас дадатковай пракурорскай праверкі “дакладна ўсталяваць” матывы самагубства аказалася немагчыма.

belsat.eu

Стужка навінаў