4 лістапада ў Лошыцкім яры ўзгадаюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (мапа)


Лошыцкі яр – адно з дзевяці месцаў у сталіцы, дзе ў 1930–1940-я гг. органы НКВД расстрэльвалі бязвінных людзей. Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ атрымала дазвол на правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу ў Лошыцкім яры, прысвечанага дню памінання продкаў «Дзяды».

Паводле намесніка старшыні КХП – БНФ Юрыя Беленькага, збор удзельнікаў акцыі дазволены 4 лістапада каля Палацу культуры «Лошыцкі» з 12:00 да 12:30. «З 12:30 да 13:30 дазволенае правядзенне шэсця па вуліцы Маякоўскага, без перашкоды пешаходнаму руху і руху транспарту, і мітынг у Лошыцкім яры з 13:30 да 15:00», – паведаміў ён.

Колькасць удзельнікаў акцыі – да 500 чалавек.

«На гэты раз нас асабліва не папярэджвалі пра выкананне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Улады абмежаваліся толькі тым, што выказалі надзею, што мерапрыемства пройдзе ў межах закону», – адзначыў намеснік старшыні КХП – БНФ.

На месцы пакарання і пахавання ахвяраў сталінізму ў Лошыцкім яры ў 1995 г. з ініцыятывы БНФ «Адраджэнне» і таварыства «Мартыралог Беларусі», якое існуе пры Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны, паставілі драўляны крыж вышынёй 5 м паводле праекту мастака Міколы Купавы. На папярочцы крыжа тэкст: «Ахвярам бальшавіцкага тэрору».



Просмотреть Шэсьце ў Лошыцкі Яр. 4 лістапада 2012 на карте большего размера

Мапа dziady2012.org

belsat.eu

Стужка навінаў