Крадзеж часовага мемарыяльнага знаку ў Курапатах не паўплывае на намер грамадскасці ўсталяваць помнік расстраляным жаўнераў польскага войска ў Беларусі ў 1940-х гадах.
Пра гэта “Белсату” заявіў даследчык гісторыі савецкіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў.
29 кастрычніка ён разам з прадстаўнікамі розных грамадскіх арганізацыяў і апазіцыйных партыяў заклаў памятны знак ва ўрочышчы Курапаты.
{movie}Ігар Кузняцоў пра беларускі катынскі спіс|right|7211{/movie}“Тут будзе ўсталяваны помнік афіцэрам польскага войска, забітым НКУС у 1940–1941 гг.”, – напісана на знаку.
30 кастрычніка падчас суправаджэння паслоў Еўразвязу па месцах, звязаных з савецкімі рэпрэсіямі, гісторык убачыў, што ні знаку, ні кветак, ні свечак няма.
“Учора мы сышлі з Курапатаў каля 18:30. Сёння аб 11:30 тут нічога ўжо не было, – расказаў Ігар Кузняцоў “Белсату”. – Гэты знак і слуп я зрабіў за свае грошы, у мяне і квітанцыі ўсе захаваліся. Я абавязкова звярнуся ў міліцыю з нагоды крадзяжу маёй маёмасці”.
На месцы, дзе быў часовы знак, мусіць паўстаць помнік, які зробіць скульптар Алесь Шатэрнік.
“Сённяшні выпадак ніяк не паўплывае на нашыя планы ўсталяваць помнік, – заяўляе Ігар Кузняцоў. – Наўрад ці мы будзем зноў ставіць часовы знак, але свае планы давядзем да ладу”.
belsat.eu