Ці пачнуць кандыдаты вінаваціць адзін аднаго?


Палітолаг Валер Карбалевіч ўпэўнены, што цяпер улады спрабуюць раскалоць беларускую апазіцыю, якая ў пэўнай ступені набрала сілы на хвалі салідарнасці з арыштаванымі ўдзельнікамі Плошчы-2010 і кандыдатамі на прэзідэнцтва.

Паводле эксперта, дзеля гэтага ўжо робяць пэўныя крокі. “Звярніце ўвагу: некаторых кандыдатаў на прэзідэнта не ўзялі пад варту, некаторых вызвалілі раней, напрыклад, Кастусёва. Цяпер некаторых вызваляюць, а астатнія застаюцца за кратамі, – кажа Валер Карбалевіч. – Гэта спроба раскалоць апазіцыю, каб у кожнага фігуранта крымінальнай справы была свая асобная пазіцыя, каб адвакат кожнага асобна абараняў, спасылаючыся на тое, што ягоны падабаронны нічога не рабіў”.

На думку палітолага, супрацьстаяць гэтаму можна было б пры наяўнасці адзінай пазіцыі што да падзеяў на Плошчы. “Аднак ужо былі заявы, дзе адная частка апазіцыі звальвае віну не на ўлады, а на другую частку. Гэта тое, чаго дамагаюцца ўлады Беларусі”, – канстатуе Валер Карбалевіч.

Праваабронцы адзначаюць небывалы ціск на грамадскую супольнасць: дэмакратычных актывістаў, грамадскія аб’яднанні ды на незалежныя медыі. Валер Карбалевіч упэўнены, што гэта дзеянні, скіраваныя на запалохванне беларусаў. “Галоўная мэта ўладаў сёння – загнаць назад грамадства ў той стан, у якім яно знаходзілася да пачатку выбарчай кампаніі, умацаваць адчуванне страху ў грамадстве. Пры гэтым пажадана, каб міжнародныя наступствы гэтых дзеянняў не былі такімі моцнымі”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў