Неўзабаве чарговы раскол у беларускай апазіцыі?


Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў засцярогся ад новай крымінальнай справы, атрымаўшы палітычны прытулак у Лондане. Рашэнне нялёгкае, але, як лічыць сам палітык, – безальтэрнатыўнае.

У траўні 2011-га Саннікава асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 года. Палітыка вызвалілі толькі пасля таго, як ён сёлета ў красавіку падпісаў прашэнне да Лукашэнкі аб памілаванні. Жонку экс-кандыдата, журналістку Ірыну Халіп, асудзілі на два гады з адтэрмінаваннем на такі ж тэрмін. А пакуль бацькі сядзелі ў СІЗА КДБ, органы апекі пагражалі адправіць іхнага сына ў дзіцячы дом. {movie}Аляксандр Класкоўскі ў “Гарачым каментары”|right|7159{/movie}

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі нагадвае: калі Саннікаў выйшаў на волю, было бачна, што гэта спакутаваны чалавек. Былы кандыдат прызнаваўся, што ён проста хоча вярнуцца да жыцця.

«Цяпер ён кажа пра тое, што ўнутры краіны ён не можа займацца палітычнаю дзейнасцю. У Беларусі, натуральна, над людзьмі, што кінулі выклік рэжыму, гэты «дамоклаў меч» вісіць увесь час. Але тое, што ён сказаў, азначае, што ён хоча ізноў вярнуцца да амплуа палітычнага лідара», – мяркуе Класкоўскі.

Аднак застаецца пытанне: ці магчыма, жывучы за мяжою, уплываць на палітычную сітуацыю ў краіне? Адмысловец мяркуе, што Саннікаў мог бы далучыцца да ініцыятывы «ўраду ў выгнанні» палкоўніка Барадача.

«Магчыма, што вакол яго і ягонай каманды пачне стварацца пэўная групоўка з платформаю і ідэалогіяй. І я тут бачу імавернасць паглыблення расколу ў беларускай апазіцыі», – разважае эксперт.

Палітолаг папярэджвае пра магчымасць «навешвання ярлыкоў». З аднаго боку, маўляў, унутры краіны няма сапраўднай апазіцыі – усе агенты і калабаранты. А з другога боку, існуе ўрад у эміграцыі. Што ён можа зрабіць для змены сітуацыі? У найлепшым выпадку хіба зладзіць чарговы «плюшавы дэсант».

belsat.eu

Стужка навінаў