Віталь Рымашэўскі: Я гатовы несці адказнасць перад Богам і людзьмі


Былы кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі пацвердзіў, што напісаў тлумачальны ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі.

“На жаль, расказаць, пра што ён, і каментаваць яго я цяпер не магу, бо даў падпіску аб неразгалошванні. Але хачу сказаць усім сваім нядобразычліўцам: “Не радуйцеся”, – а ўсім сваім прыхільнікам: “Не хвалюйцеся”. Мая пазіцыя да 19 снежня, 19-га і пасля 19-га засталася нязменнай. І ніякія лісты, ніякія тлумачэнні, ніякія мае сведчанні не супярэчылі гэтай пазіцыі. Я гатовы несці адказнасць за свае словы і перад Богам, і перад людзьмі”, – падкрэсліў палітык.

Віталя Рымашэўскага затрымалі 19 снежня пасля акцыі апазіцыі ў Менску. Разам з шасцю іншымі экс-кандыдатамі на прэзідэнта ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых закалотаў. Артыкул 293 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Са следчага ізалятару КДБ Рымашэўскага выпусцілі ўначы на 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе, пасля таго як ён падаў тлумачэнні на імя Лукашэнкі. 4 студзеня палітык збіраўся даць прэс-канферэнцыю, але вымушаны быў змяніць свае планы. У КДБ Рымашэўскага папярэдзілі: у выпадку правядзення прэс-канферэнцыі яго зноў змесцяць пад варту.

belsat.eu

Стужка навінаў