«Размова Мацкевіча»: у чаканні дэвальвацыі


Калі ў пазамінулым стагоддзі здаралася штосьці надзвычайнае, то казалі, што напэўна будзе вайна з туркамі. У наш час кажуць: напэўна, будзе дэвальвацыя. Пра тое, ці будзе яна і калі, Уладзімір Мацкевіч размаўляе з фінансавым аналітыкам афіцыйнага партнёра кампаніі «Альпары» ў Менску Вадзімам Іосубам.

«Працэсы, што адбываюцца на беларускім валютным рынку, даволі празрыстыя. Мы бачым, як першую палову года беларускі рубель умацоўваўся за кошт росту экспарту. Перадусім дзякуючы растваральнікам. Як толькі гэты экспарт прыпынілі – бачым тэндэнцыю падаражання замежнай валюты. Хутчэй за ўсё, да канца гэтага года так і будзе працягвацца», – прагназуе Вадзім Іосуб.

Разам з тым адмысловец зазначае, што падаражанне адбываецца досыць павольна, і мяркуе, што долар да канца года не пяройдзе мяжы 9 тыс. Аднак у грамадстве напружанне не спадае – людзі ўсцяж чакаюць дэвальвацыі.

«Дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва тлумачацца досыць проста – людзі атрымалі траўму леташняй дэвальвацыі, памятаюць траўму 2009 года, і такія псіхалагічныя раны досыць доўга зажываюць. І таму людзі не намагаюцца насамрэч разабрацца, што адбываецца ў эканоміцы. Ім прасцей быць у стане «нізкага старту» – то бок патрэбная каманда, маўляў, «вось пачалося», і ўсе пабягуць мяняць валюту», – кажа Вадзім Іосуб.

Ён падкрэслівае, што на сённяшні момант казаць пра хуткую дэвальвацыю ці абвал рубля не даводзіцца, і спадзяецца, што эканамісты, якія падобнае прагназуюць, проста памыляюцца, а не пераследуюць нейкія свае мэты.

belsat.eu

Стужка навінаў