Адмену адмянілі. Юбілейны канцэрт «Палацу» адбудзецца!


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, за гурт заступіўся міністр культуры Павел Латушка, якога музыкі меліся запрасіць на канцэрт з нагоды 20-гадовага юбілею гурта.

Тым часам яшчэ а 13-ай гадзіне адміністрацыя Тэатру беларускай драматургіі заяўляла пра адмену канцэрту. Тлумачылі гэта «пэўнымі тэхнічнымі праблемамі, пра якія стала вядома некалькі дзён таму». У звязку з чым сітуацыя за такі кароткі тэрмін змянілася, дакладна невядома. Паводле версіі музычнага парталу «Тузін гітоў», умяшаўся міністр культуры Павел Латушка. «Менавіта Мінкульту непасрэдна падначальваецца тэатр. Адмена ж канцэрту была ініцыяваная зусім іншаю структураю», – піша «Тузін гітоў».

Раней у Міністэрстве культуры заяўлялі, што іх ведамства не мае ніякага дачынення да адмены юбілейнага канцэрту і «яны самі здзіўленыя» з гэтае навіны.

Музыкі калектыву сітуацыі не каментуюць.

Гурт «Палац» уключаны ў гэтак званы «чорны спіс» дзеячаў культуры і мастацтва, якім забаронена выступаць у Беларусі праз іхныя палітычныя перакананні. Прадстаўнікі ўлады адмаўляюць існаванне такога спісу.

Сёлета ў красавіку Алег Хаменка ў інтэрв’ю сказаў, што не адчувае дэфіцыту зносінаў з паклоннікамі, і падкрэсліў, што канцэрт з нагоды 20-годдзя гурта хоча сыграць менавіта ў Беларусі, хаця ягоныя «сябры і калегі настойліва раяць праводзіць яго за мяжою».

Да юбілейнага канцэрту 26 кастрычніка гурт падрыхтаваў адмысловую праграму «Песні любові і мудрасці», а таксама планаваў паказаць адразу два новыя рэлізы – музычную аповесць «Салдат-доктар» і свежы студыйны альбом «Кола грукатала».

Квіткі можна набыць у касах тэатру і замовіць праз тэлефон +375 29 385-97-51.

Гурт «Палац» быў створаны ў 1992 годзе прафесійнымі музыкамі, якія мелі досвед працы ў розных стылях. Падставаю для аб’яднання стаў беларускі аўтэнтычны фальклор, які выконваецца як у арыгінальным гучанні, так і ў рознастылёвых апрацоўках. Гурт прызнаны пачынальнікам стылю «фолк-мадэрн» – магістральнага кірунку ў развіцці «пост-фолк-року». У аранжыроўках музыканты выкарыстоўваюць традыцыйныя аўтэнтычныя беларускія інструменты. У рэпертуары гурта ёсць і творы паводле традыцыйных беларускіх святаў, абрадаў, і аўтарскія работы. Папулярны не толькі ў Беларусі, але і за мяжою, «Палац» браў удзел у шмат якіх фестывалях у краінах Еўропы і СНД.

belsat.eu

Стужка навінаў