Расейскія сцэнары: або рэвалюцыя, або адстаўкі, або дэградацыя?


Незалежныя расейскія сацыёлагі правялі маштабнае даследаванне грамадскай думкі. Як аказалася, усё больш расейцаў задумваюцца пра рэвалюцыю.

Цэнтр стратэгічных распрацовак апублікаваў даклад на тэму «Змены палітычных настрояў расейцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў», які грунтуецца на маштабным сацыяпсіхалагічным даследаванні, праведзеным на замову расейскага Камітэту грамадзянскіх ініцыятываў.

«Амаль ува ўсіх фокус-групах рэспандэнты спантанна казалі пра магчымасць і нават пажаданасць рэвалюцыі. Яе перспектывы абмяркоўваюцца не столькі ў эмацыянальным, колькі ў рацыянальным ключы як адзіная свядомая альтэрнатыва ў выпадку адмовы ўлады ад добраахвотнага абнаўлення», – гаворыцца ў дакладзе.

Расейцы пры гэтым не вераць у тое, што цяперашняя ўлада здольная самастойна рэфармавацца. З дакладу вынікае, што калі ў Расеі не адбудзецца рэвалюцыі, і дзейныя гаспадары Крамля самыя не аддадуць уладу, то краіну, хутчэй за ўсё, чакае паступовая дэградацыя.

Паводле аўтараў дакладу, адбываецца зрух у грамадскай свядомасці, «які можа прывесці да канчатковага разбурэння так званай ідэалогіі пуцінскай стабільнасці. У вачох масавых слаёў грамадскасці легітымнасць рэвалюцыйна-пратэставага абнаўлення ўлады прыкметна ўзмацняецца».

Што да будучыні Расеі ды расейцаў, то, паводле аўтараў дакладу, «у працэсе правядзення псіхалагічных фокус-групаў рэспандэнты яўна праяўлялі нявер’е ва ўладу і будучыню краіны». У пацверджанне гэтага даследнікі прыводзяць некалькі выказванняў удзельнікаў:

«Нашае жыццё і ўсё, што ў ім адбываецца, падаецца мне найграным. Улада не робіць таго, што павінна рабіць: шмат беспрацоўных, шмат жабракоў, жывуць толькі вялікія гарады. Ні сельская гаспадарка, ні аграрная прамысловасць, нічога наогул не працуе, нічога».



«Мы жывем адным днём, людзі баяцца за будучыню, мне так здаецца. Гэта значыць страшна жыць далей, невядомасць. А невядомасць заўсёды палохае».

«Мы на мяжы, магчымасцяў у людзей ужо няма, сілаў няма. Усё гэта ідзе незразумела да чаго: або да грамадзянскай вайны, або да чагосьці дрэннага».

«Калі мы збяромся і пойдзем нешта патрабаваць, то яны выставяць войска».

belsat.eu

Стужка навінаў