Несправядліва асуджаны лекар-псіхіятр дамогся кампенсацыі


У выніку несправядлівага выраку гомельскі лекар-псіхіятр Яўген Дзедушкін страціў працу, рэпутацыю, здароўе, сяброў, любімую дзяўчыну. Ягоны бацька захварэў, пакуль ішло следства і суд, а затым адбыццё пакарання, перанёс мікраінфаркт, інсульт і застаўся інвалідам. Суд Чыгуначнага раёну Гомля ацаніў ягоныя страты на Br 50 млн.

Улетку 2008 г. невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомля. На месцы падпалаў быў затрыманы лекар-псіхіятр Яўген Дзедушкін. Ён жыў побач і прыйшоў з цікаўнасці на месца здарэння. Там яго арыштавалі міліцыянты ды абвінавацілі ў падпалах.

Пазней гомельскі суд прызнаў лекара вінаватым у «наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам» (артыкул 218 КК), пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады і пастанавіў выплаціць былому абвінавачванаму больш як Br 20 млн. рублёў як кампенсацыю матэрыяльных стратаў. У месцах пазбаўлення волі былы лекар прабыў больш за год, і толькі ў сакавіку 2011 г. судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам яго апраўдала і зняла ўсе абвінавачанні.

На судзе Дзедушкін патрабаваў кампенсацыі маральных стратаў памерам 500 млн руб., але суд пастанавіў спагнаць з казны на ягоную карысць 50 млн. «Задаволены, што хоць штосьці атрымаў за год у турме і некалькі гадоў страчанага жыцця. Але не ведаю, пакуль гэту суму аддадуць, што з яе застанецца. Калі ў нашай краіне дэкларуюць 500 долараў сярэдняй зарплаты, то тут і сярэдняй зарплаты не выходзіць. Добра, што хоць прызналі невінаватым і адпусцілі з турмы. Хоць я ўвесь час паўтараў на судзе і падчас следства, што я не вінаваты, і не было ніякіх доказаў маёй віны», – пракаментаваў Яўген Дзедушкін.

Ён пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць рашэнне суда і дамагацца большай кампенсацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў