Зміцер Саўка: У ізалятары з намі стараліся размаўляць па-беларуску


Мовазнавец кажа, што некаторыя міліцыянты дэманстравалі сваё падтрыманне.

Мовазнаўца і супрацоўніка “Белсату” адпусцілі ўчора з ізалятару ў Жодзіне, дзе ён адседзеў 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.

“Што радуе, вельмі розныя там людзі і па-рознаму ставяцца да рэжыму. З боку некаторых мы адчувалі выразную спагаду. Яны стараліся нейкім жартам, усмешкаю паказаць нам, што яны з намі. Быў чалавек, які стараўся гаварыць да мяне па-беларуску. Хоць вельмі шмат у гэтыя дні мы спазналі і прыніжэння, здзеку”, – узгадвае Зміцер Саўка.

Паводле яго, у ізалятар трапіла нямала хлопцаў, якія да арышту не задумваліся, хто намі кіруе, у якой краіне мы жывем. “Іх задавальняла сітуацыя, яны проста радаваліся жыццю. Калі яны трапілі за краты, для іх гэта быў сур’ёзны ўрок жыцця. Пасля яны казалі: цяпер мы ведаем, за каго галасаваць, а галоўнае – супраць каго галасаваць”, – распавёў мовазнавец.

Нагадаем, што 3 студзеня з ізалятараў на вул. Акрэсціна і Францыска Скарыны ў Менску, а таксама з жодзінскага СІЗА выйшлі на волю болей за 100 удзельнікаў масавай акцыі пратэсту з нагоды фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў