Беларус у космасе будзе весці блог


Ён правядзе там амаль паўгода.

Касмічны карабель “Саюз ТМА-06М” пад кіраўніцтвам Алега Навіцкага стартаваў сёння з касмадрому “Байканур”.

{movie}Запуск касмічнага карабля на чале з Алегам Навіцкім|left|7079{/movie}Усяго на борце тры чалавекі: апрача кіраўніка гэта Яўген Тарэлкін, яшчэ адзін касманаўт “Роскосмоса”, і астранаўт НАСА Кевін Форд. 25 кастрычніка “Саюз ТМА-06М” мае аўтаматычна састыкавацца з міжпланетнаю касмічнаю станцыяй.

Там экіпаж сустрэнуць касманаўт “Роскосмоса” Юрый Маленчанка, астранаўтка НАСА Суніта Ўільямз і японскі астранаўт Акіхіко Хосідэ, якія нясуць касмічную вахту ад ліпеня.

Плануецца, што працягласць палёту новага экіпажу на станцыі складзе 148 сутак. Цікава, што выходзіць у адкрыты космас яны не будуць ні разу. Навіцкаму, Тарэлкіну і Форду трэба разгрузіць чатыры транспартныя караблі “Прагрэс” і адзін еўрапейскі грузавік ATV-4.

Новы экіпаж збіраецца весці арбітальны блог і ўвесь вольны ад працы час прысвяціць фатаграфаванню Зямлі.



Кіраўнік экіпажу нарадзіўся ў Чэрвені

Алег Навіцкі цяпер грамадзянін Расеі, але нарадзіўся ў 1971 г. у Чэрвені (Менская вобласць). У 1994 г. скончыў Качынскую авіяцыйную вучэльню, у 2006 г. – Вайскова-паветраную акадэмію імя Гагарына.

Служыў на розных пасадах: ад лётчыка да камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі штурмавога авіяцыйнага палка 4-й арміі ВПС і СПА (Паўночна-Каўказская вайсковая акруга, штаб у Растове-на-Доне). Удзельнічаў у аперацыі ў Чэчні. У атрад касманаўтаў уключаны 7 лютага 2007 г. (14-ты набор).

Трэці беларус у космасе

У часы СССР у космасе пабывалі два выхадцы з Беларусі – Пётр Клімук (здзейсніў тры палёты: у 1973, 1975 і 1978 гг.) і Уладзімір Кавалёнак (таксама тры палёты: у 1977, 1978 і 1981 гг.). Абодва яны двойчы Героі Савецкага Саюзу, генерал-палкоўнікі авіяцыі ў адстаўцы.

belsat.eu

Стужка навінаў