Па слядах «Дажынак»


Дзяржкантроль будзе “разбірацца” з тымі, хто рыхтаваў Горкі да сёлетніх “Дажынак”. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэтага запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, да якога трапілі фотаздымкі новага горкаўскага інтэрнату, дзе амаль адразу пасля пабудовы на сценах з’явілася цвіль.

Мясніковіча адправяць “злізваць цвіль”?

Свята “Дажынкі”, якое штогод адбываецца ў адным з райцэнтраў Беларусі, – гэта ледзь не адзіная магчымасць давесці да ладу інфраструктуру невялікага мястэчка. Аднак у большасці выпадкаў, нягледзячы на вялікія фінансавыя ўліванні, рэканструкцыя і адбудова ў чарговым “дажыначным” горадзе абмяжоўваюцца фарбаваннем фасадаў дамоў з боку галоўных вуліцаў і няякасным укладаннем тратуарнай пліткі паўсюль, дзе гэта толькі магчыма.

У Горках напярэдадні “Дажынак” таксама адбылася маштабная ў такіх выпадках рэканструкцыя гораду. Аднак ужо пасля свята ў медыях з’явіліся шматлікія фатаграфіі, на якіх відаць, што новыя пешаходныя дарожкі, дзе была выкладзеная плітка, не вытрымалі выпрабавання дажджамі ды разбурыліся. Таксама былі апублікаваныя і іншыя здымкі недаробак і будаўнічага браку. У канцы мінулага тыдня шэраг медыяў паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам у рэзкай форме раскрытыкаваў якасць рамонту ў Горках і запатрабаваў прыбраць недаробкі ды брак.

Калі не можаце будаваць, языком разам з губернатарам злізвайце ўсю цвіль і перакладайце плітку”, – паводле ананімнай крыніцы “Беларускага партызана”, гэтак Аляксандр Лукашэнка ў размове з кіраўніком ураду адрэагаваў на фотаздымкі з Горак.

Дзяржкантроль едзе з маштабнаю праверкаю

Свежая плітка ў Горках амаль адразу Свежая плітка ў Горках амаль адразу “пасыпалася”. Фота horki.infoЦі сапраўды такая размова мела месца, невядома, тым не менш, дзяржкантроль мае заняцца праверкаю якасці выканання будаўнічых працаў у Горках. Паводле намесніка старшыні Горацкага райвыканкаму Уладзіслава Яроміна, ёсць праблемы з амфітэатрам, у якім праходзіла ўрачыстая частка “Дажынак”. “Дзесьці парушылі гідраізаляцыю. Ідзе падцяканне па сценцы”, – сказаў чыноўнік.

Як паведаміла рэдактар горацкай газеты “Узгорак” Галіна Будная, у шмат якіх дамах, дзе мянялі дах, на працягу некалькіх месяцаў дажджы залівалі кватэры верхніх паверхаў.

Цяпер шмат якія з гэтых кватэраў адрамантаваныя, праблема засталася “ў двух-трох дамах” з-за маруднай працы магілёўскіх падрадных арганізацыяў, паведаміў Яромін. Паводле яго, праблема “зацякання дажджавых водаў” у кватэры таксама цяпер у цэнтры ўвагі Камітэту дзяржкантролю.

{movie}Уражанні ад “Дажынак-2012” (апытанне з архіву)|right|7071{/movie}Паводле інфармацыі Буднай, пасля правядзення “Дажынак” дарожкі, выкладзеныя пліткаю, у шэрагу месцаў сталі разбурацца. “Людзі тэлефанавалі, паведамлялі пра гэтыя выпадкі. На працягу дзён дзесяці – тыдня гэтыя недахопы з пліткаю былі вырашаныя. Усё назад паклалі. Але ўсё адно ў розных месцах з’яўляюцца невялікія правальванні ці ўзнімаецца плітка. Я думаю, гэта некаторы час будзе працягвацца, пакуль усё канчаткова не ўсядзецца, не ўляжацца”, – сказала Будная.

Праблему з дарожнаю пліткаю пацвердзіў і Уладзіслаў Яромін, адзначыўшы, што гэта адбылося ў чатырох месцах, дзе з-за моцнай плыні вады была вымытая аснова дарожкі. “Плітку пераклалі адразу ж. Але гэта ж не брак”, – сцвярджае чыноўнік.

Што да інфармацыі пра цвіль у адным з інтэрнатаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, то, як адзначыў Яромін, яму пра гэта нічога не вядома, бо са скаргамі ў райвыканкам у гэтым пытанні ніхто не звяртаўся.

belsat.eu

Стужка навінаў