Следства без следчых дзеянняў


Следчы камітэт намагаецца адказаць на пытанне: быў паклёп на Аляксандра Лукашэнку ці не? З гэтаю мэтаю следства ў справе Андрэя Пачобута працягнулі яшчэ на месяц.

Журналіста польскага выдання “Газэта Выборча” (Gazeta Wyborcza) арыштавалі ў чэрвені ды абвінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пазней Пачобута адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тым часам расследаванне працягваецца, хоць апошнімі месяцамі ніякіх следчых дзеянняў не вялося. Андрэю Пачобуту пагражае да пяці гадоў турмы.

Чаму следства працягваецца, журналісту застаецца толькі здагадвацца. “Сам факт узбуджэння крымінальнай справы абумоўлены перадусім нейкімі палітычнымі захадамі ўладаў. У мяне няма ніякіх ілюзіяў, нібыта праводзяцца нейкія актыўныя следчыя дзеянні. Мяне ўжо даўно азнаёмілі з следчымі экспертызамі, і практыка паказвае, што іх дастаткова, каб пасадзіць чалавека ў турму”, − не сумняецца Пачобут.

Гэтак, як пасадзілі журналіста летась. Андрэй Пачобут дагэтуль не ведае, чаму ўлады раптам выпусцілі яго на волю, але ўпэўнены, што ягонае дзевяцідзённае зняволенне і раптоўнае вызваленне – пункты папярэдне задуманага плану. Аднак ён не лічыць, што гэткім чынам Менск спрабаваў штосьці выгандляваць у Польшчы.

“У Варшаве разумеюць, што калі пачаць гандляваць людзьмі, то ў Лукашэнкі было б вельмі шмат тавару. Бо завялікая колькасць палякаў жыве ў Беларусі, − мяркуе журналіст і дадае, што Лукашэнку няма на што абражацца: – Усе артыкулы, якімі я нібыта абразіў Лукашэнку, ёсць у інтэрнэце. І таму першы працэс прайшоў закрытым, бо для 99 % грамадзянаў Беларусі тое, што там напісана, не будзе паклёпам”.

belsat.eu

Стужка навінаў