Лукашэнка папулярны толькі ў траціны беларусаў. Яшчэ траціна пакрыўджаная на ўлады


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў падаў найважнейшыя вынікі новага нацыянальнага апытання.

Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў апошнім квартале 2012 г. падтрымліваюць толькі 31,6 % беларусаў (у чэрвені рэйтынг Лукашэнкі складаў 29,07 %, знізіўшыся з сакавіка на 5 %).

Хоць большасць беларусаў, як падае даследаванне, па-ранейшаму спадзяецца на дапамогу дзяржавы, а не на сябе (62,7 % рэспандэнтаў лічаць, што “дзяржава мусіць больш клапаціцца пра людзей”, і толькі 22,7 % зрабілі акцэнт на самастойнасць ды ініцыятыву), змяняецца само разуменне моцнай дзяржавы. Меркаванне, што моцны лідар можа больш даць краіне, чымся добрыя законы, падтрымалі 43,3 %, апытаных, супраць такога стаўлення – 49,1 %.

Траціна беларусаў, падкрэсліваюць аналітыкі, адчувае несправядлівасць з боку кіраўніцтва дзяржавы – за апошнія тры гады іх крыўдзілі прадстаўнікі органаў улады.



Эканамічнае самаадчуванне беларусаў застаецца дрэнным

У трэцім квартале 2012 г. беларусы звяртаюць увагу на эканамічную стабілізацыю: у параўнанні з чэрвенем колькасць тых, чый матэрыяльны стан за апошнія тры месяцы пагоршыўся, зменшылася на 7 % і складае 25 % (31,9 % – у чэрвені і ажно амаль 60 % у снежні). Зменшыўся лік і тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка ў крызісе (цяпер толькі 64,1 %, а ў снежні было 81,5 %). Увогуле, аднак, пазітыўнае “эканамічнае самаадчуванне” па-ранейшаму значна адстае ад негатыўнага: 64,1 % беларускіх грамадзянаў згодныя з тым, што эканоміка краіны ў крызісе, а 47,4 % апытаных не згодныя з кірункам развіцця нашай краіны.

Байкатавалі выбары толькі 9% грамадзянаў

Большасць беларусаў, аднак, не гатовая адкрыта выяўляць сваю незадаволенасць. Пра гэта красамоўна сведчаць рэальныя вынікі вераснёўскіх парламенцкіх выбараў. Нягледзячы на шматлікія заявы і сведчанні прадстаўнікоў апазіцыі, даследаванне пацвердзіла, што выбары адбыліся. Выбары байкатавалі толькі 9,6 % грамадзянаў, яшчэ 24 % не ўдзельнічалі ў галасаванні з іншых прычынаў. Яўка на выбарах перавысіла 50-адсоткавы парог за кошт выбарцаў з малых гарадоў і вёсак. Пра прымусовае датэрміновае галасаванне заявілі толькі 2,2 % грамадзянаў.

Большасць беларусаў (57,1 %) па-ранейшаму не ведаюць прозвішча дэпутата, выбранага ад сваёй акругі.

Сур’ёзных пераменаў у сваім жыцці мільёны беларусаў ад апошніх выбараў не чакалі ды не вераць у змены пасля наступных выбараў.

На Захад ці на Усход?

Не стабільныя і замежнапалітычныя арыентацыі беларусаў. Калі яшчэ ў чэрвені выбіраючы паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем ў Еўрапейскі Звяз за першы варыянт выказваліся 43,6 %, а за другі – 39,8 %, то сёння гэтыя суадносіны сталі адваротныя: 36,2 % і 44,1 % адпаведна.

У той жа час казаць пра “паварот да Еўропы” таксама заўчасна. Ацэньваючы нашумелы ўлетку “плюшавы дэсант” з Швецыі, толькі 23 % апытаных назвалі яго “смелым пратэстам супраць парушэння правоў чалавека”. “Правакацыяй заходніх спецслужбаў” палічылі акцыю 13,08 %, а “дурным учынкам” – 31,7 %, яшчэ столькі ж нават “не ведаюць, пра што ідзе гаворка”.

Пра пачатак новай праграмы Еўразвязу “Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” чулі толькі 20,9 %. Разам з тым 40,3 % грамадзянаў упэўненыя: “такая праграма патрэбная Беларусі” (18,2 % – не бачаць патрэбы ў праграме, 41,5 % – не змаглі або адмовіліся адказаць). Стаўленне да Расеі, сцвярджаюць незалежныя сацыёлагі, у большасці беларусаў грунтуецца на аснове ўласнага досведу, а да Еўропы – хутчэй, на аснове даступнай інфармацыі ды стэрэатыпаў.



belsat.eu

Стужка навінаў