Віктар Карняенка: Эксперты АБСЕ памыліліся, калі пачалі гуляцца з Лукашэнкам


Тым не менш, мандат офісу АБСЕ можа быць адноўлены, лічыць намеснік старшыні руху “За свабоду!” Віктар Карняенка.

Тое, што афіцыйны Менск не працягнуў мандату офісу АБСЕ, на думку Віктара Карняенкі, – адказ Аляксандра Лукашэнкі на высновы экспертаў АБСЕ што да празрыстасці ды дэмакратычнасці прэзідэнцкіх выбараў. “Лукашэнка пакрыўдзіўся на аб’ектыўную ацэнку выбараў. Спадар Арэнс ды ягоная каманда аказаліся такімі, якіх на мякіне не ашукаеш. Але адно крыўдаю патлумачыць гэта было б вельмі лёгка і проста”, – зазначае палітык. На ягоную думку, такія радыкальныя крокі з боку Аляксандра Лукашэнкі звязаныя з пацяпленнем стасункаў з Масквою. “Галоўная прычына – гэта сустрэчы ў Маскве, пасля якіх Лукашэнка вельмі істотна памяняў сваю ўнутраную палітыку – жорсткасць пасля выбараў, непрацягванне мандату… Думаю, пахаладанне адносінаў з Захадам будзе працягвацца”, – заявіў Віктар Карняенка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Тым не менш, на думку прадстаўніка руху “За свабоду!”, не выключаецца і аднаўленне мандату офісу АБСЕ. “Мандат можа быць адноўлены ў такім варыянце, як і быў, але на больш сур’ёзныя змены разлічваць не даводзіцца”, – зазначыў Віктар Карняенка. Палітык мяркуе, што ў свой час эксперты АБСЕ зрабілі памылку, калі пачалі змяншаць уплыў прадстаўніцтва АБСЕ ў Беларусі. “Я думаю, АБСЕ мусіць займаць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні Лукашэнкі, бо гуляцца з гэтым чалавекам не выпадае”, – падкрэсліў намеснік старшыні руху “За свабоду!”.

belsat.eu

Стужка навінаў