Беларускі эканамічны цуд: экспарт разбаўляльнікаў спынілі толькі 6 кастрычніка


Намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Фёдараў паведаміў, што Беларусь не экспартуе на расейскі рынак паліва для рухавікоў, выпрацаванага з расейскае нафты.

“Баланс зваротнага экспарту ў Расею не выконваецца, гэта факт”, – зазначыў чыноўнік.

Фёдараў фактычна абвяргае заяву прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, які 14 верасня паведаміў, што апошні вагон з “разбаўляльнікамі”, створанымі з расейскае нафты, пакінуў беларускую тэрыторыю 4 жніўня.

Нагадаем, у 2012 годзе Беларусь бязмытна атрымлівае нафту і нафтапрадукты з Расеі. Пры гэтым яна пералічвае ў расейскі бюджэт 100 % экспартнага мыта на нафтапрадукты з расейскае сыравіны, якія экспартуюцца за межы Мытнага саюзу.

Разбаўляльнікі ды змазачныя матэрыялы не ўнесеныя ў спіс нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплочваецца вывазное мыта, тады як на бензін яно складае 90 % экспартнага мыта на нафту. Расейскі бок лічыць, што Менск, павялічыўшы закуп расейскіх нафтапрадуктаў, экспартаваў на еўрапейскія рынкі пад выглядам разбаўляльнікаў бензін.

У канцы ліпеня ў Беларусі працавала міжведамасная расейская група прадстаўнікоў профільных дзяржструктураў пад кіраўніцтвам Федэральнай мытнай службы Расеі, якая правярала легальнасць вытворчасці ды экспарту разбаўляльнікаў з тэрыторыі краіны. Вынікам працы групы стала спыненне экспарту ў Беларусь нафты, якая ёсць сыравінаю для вытворчасці разбаўляльнікаў. Паводле неафіцыйных ацэнак, страты расейскага бюджэту праз сумнеўны імпарт разбаўляльнікаў з Беларусі ацэньваюцца на $ 2 млрд.

Тым часам, паводле экспертаў, ажно 80 % сёлетняга прыросту беларускага экспарту склаў якраз шэры продаж разбаўляльнікаў.

У верасні Расея прапанавала савету Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) пакет дакументаў, якія рэгулююць стасункі ў сферы вытворчасці разбаўляльнікаў на Адзінай мытнай прасторы. Гэтак, Расея прапаноўвае класіфікаваць як нафтапрадукты розныя сумесі нафтапрадуктаў са спіртам, з якіх атрымліваюцца разбаўляльнікі ды змазачныя матэрыялы, каб мець магчымасць абкладаць іх вывазным мытам.

Расея таксама прапаноўвае спыніць на тэрыторыі Мытнага саюзу вытворчасць і экспарт разбаўляльнікаў, змазачных матэрыялаў і біядызельнага паліва.

Аднак у дзяржаўных органах Расеі гэтыя прапановы Беларусь заблакавала.

У сваю чаргу Крэмль абвесціў, што ў чацвертым квартале 2012 года абмяжуе пастаўку нафты ў Беларусь на чвэрць.

Паводле прагнозаў экспертаў, чакаюцца вельмі няпростыя перамовы наконт умоваў пастаўкі нафты.

18 кастрычніка амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў журналістам у Менску, што Беларусь і Расея пакуль маюць розныя погляды на аб’ёмы экспарту расейскае нафты ў 2013 годзе.

Балансы на 2013 год “яшчэ толькі маюць быць разгледжаныя”, паведаміў дыпламат. “Беларусь кажа пра 23 млн тонаў нафты і пэўны аб’ём нафтапрадуктаў. Але гэта тэма для сур’ёзнага абмеркавання. Расея глядзіць крыху па-іншаму”, – падкрэсліў Сурыкаў.

Ён адзначыў, што балансы экспарту нафты і нафтапрадуктаў у межах Саюзнай дзяржавы будуць зацверджаныя ў снежні 2012 года на паседжанні саюзнага ўраду.

Характарызуючы цяперашнія беларуска-расейскія стасункі ў нафтавай сферы, амбасадар адзначыў: “Усе дзеянні 2012 года ў цэлым упісваюцца ў межы нафтавага балансу, які перадвызначаў аб’ёмы экспарту нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь ды імпарту нафтапрадуктаў у Расею”.

Пры гэтым Сурыкаў звярнуў увагу, што сёлета імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расею практычна не ажыццяўляўся.

belsat.eu

Стужка навінаў