Шчырае інтэрв’ю Дзевятоўскага: пра дэпутацтва, апазіцыю і палітвязняў


Алімпійскі чэмпіён па кіданні молата Вадзім Дзевятоўскі збіраецца спалучаць трэніроўкі з працаю ў парламенце.

Срэбнага прызёра алімпіяды па кіданні молата 2008 г. у Пекіне абралі дэпутатам у Палату прадстаўнікоў жыхары ягонага роднага гораду – Наваполацку. Там ён некалькі гадоў узначальвае мясцовую структуру праўладнай арганізацыі «Белая Русь».

«Палітычнае кар’еры не планаваў»

«Стаць дэпутатам мяне матываваў давер людзей. Я веру, што магу быць карысны гораду ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Я не планаваў будаваць палітычнае кар’еры, проста хачу прынесці карысць людзям, якія вераць у мяне», – патлумачыў Дзевятоўскі.

Спартовец лічыць, што сумленна перамог у выбарах: у акрузе былі назіральнікі ды празрыстыя скрыні.

Пра апазіцыю

Паводле прызёра Пекінскай алімпіяды, ён пайшоў у «Белую Русь» выключна праз свае перакананні ды ніякіх грошай за гэта не атрымлівае. «Я прымаю і паважаю тую апазіцыю, якая сапраўды змагаецца за ідэю, за свае перакананні, а тая апазіцыя, якую хтосьці фінансуе і фактычна купляе яе меркаванне, мне непрыемная. Думаю, у нас у Беларусі ёсць і тыя, і тыя», – мяркуе ён.

Не забыўся Дзевятоўскі згадаць і пра санкцыі, да якіх ставіцца негатыўна, бо ён – «заўсёды за дыялог».

Пра палітвязняў

Абмяркоўваючы тэму палітзняволеных у Беларусі, дэпутат не змог сказаць, ці ёсць яны ў краіне. «Тэма вельмі няпростая і важная для грамадства. Трэба разабрацца ў судовых справах. Я не даваў бы катэгарычнай ацэнкі: гэта палітвязень ці чалавек, які парушыў закон? Не ведаючы ўсіх нюансаў справы, я не магу сказаць. На ўзроўні эмоцыяў я, вядома, не хачу, каб у Беларусі былі палітвязні. Але ці магу я назваць хоць каго-небудзь з цяперашніх зняволеных менавіта палітвязнем, не ведаючы дэталяў справы», – падсумаваў Дзевятоўскі.

«Каб працаваць дэпутатам, буду трэнавацца познім вечарам»

Свежаабраны дэпутат прызнаўся, што разглядае магчымасць працягу спартовай кар’еры. Паводле яго, спалучаць працу ў парламенце са спартовымі выступамі цалкам рэальна. «У мяне быў досвед трохразовых трэніровак у перыяд з 1999 да 2002 года. Я не бачу праблемаў цяпер рабіць двухразовыя трэніроўкі. Напрыклад, з 6-ай да 8-ай раніцы і з 21-ай да 23-яй. Я лічу сябе чалавекам моцным і ўпэўнены, што спраўлюся», – адзначыў спартовец.

Калі не трапіў на алімпіяду, «прабіла на слязу»

Апошнюю алімпіяду ў Лондане Вадзім прапусціў з прычыны траўмы. «Наколькі я моцна перажываў, маглі бачыць толькі мае блізкія, бо я рэдка даю волю эмоцыям на людзях. Я чалавек загартаваны спортам, але калі стала ясна, што на гульні я не трапляю, нават мяне прабіла на скупую мужчынскую слязу».

belsat.eu

Стужка навінаў