«Пасля галадоўкі зніклі вены». Каваленка распавёў пра жахі зняволення


На прэсавай канферэнцыі, зарганізаванай «Белсатам», Сяргей Каваленка падзяліўся сваймі планамі на будучыню і распавёў пра ўмовы ўтрымання ў турме і галадоўку пратэсту, падчас якой страціў каля паловы вагі.

Лячылі так, што спрабаваў сябе забіць

Былы палітвязень распавёў, што падчас прымусовага выхаду з галадоўкі яго цэлымі днямі трымалі прывязаным да ложка. Невядома, што было ў кропельніцах, якія яму ставілі, што за ўколы давалі, але паводле Каваленкі, пасля гэтых працэдураў у яго з рота ішла кроў.

Праз бясконцыя прыніжэнні ды варожае стаўленне працаўнікоў калоніі зняволены нават спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

“Калі мяне першы раз адвязалі, я выкруціў лямпачку са столі ды закруціў у швэдар, каб не пачулі, як я яе б’ю. Спрабаваў парэзаць вены, але схуднеў настолькі, што венаў на руцэ не было – адныя жылы”, – распавядаў Каваленка. {movie}Сяргей Каваленка пра далейшыя планы|right|6995{/movie}

Пасля гэтага выпадку яго перавялі ў Навінкі, дзе лекар параіў спыніць галадоўку, бо інакш застанецца ў лякарні надоўга. Каваленка прызнаецца: толькі страх, што будуць лічыць шалёным, змусіў яго пачаць есці самастойна.

Сяргей Каваленка выказаў падзяку медыям, намаганнямі якіх пра ягоны лёс ведалі за кратамі, а таксама ўсім людзям добрае волі. Палітвязень атрымліваў з усяго свету сотні лістоў, напісаных па-беларуску. Толькі гэткае падтрыманне і думкі пра сям’ю дапамаглі перажыць месяцы зняволення.



За што Нобель?

Анёлам-ахоўнікам назваў Сяргей Каваленка польскага дэпутата Еўрапарламенту Марэка Міґальскага. Палітык узяў шэфства над зняволеным беларусам, стварыў інтэрнэт-старонку дзеля яго падтрымання і сабраў дзве з паловаю тысячы подпісаў за ягонае вызваленне. {movie}Мігальскі пра палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі|right|6994{/movie}

Тым часам Міґальскі зазначае, што толькі выконваў сваю працу. Еўрадэпутат уваходзіць у адмысловую камісію ў справе Беларусі ды лічыць, што казаць трэба не пра ягоныя дзеянні, а пра бяздзеянне іншых.

“Я вельмі ўсцешыўся, калі даведаўся пра вызваленне Сяргея. Але не трэба называць мяне анёлам – я рабіў тое, за што мне плоцяць. Рэч не ў тым, што я раблю, а ў тым, чаго не робяць іншыя еўрапейскія чыноўнікі. Як ЕЗ можа атрымліваць Нобеля, калі побач з намі – класічная дыктатура?!” – абураецца палітык.

Міґальскі нагадаў, што арганізацыя “Amnesty International” так і не прызнала Сяргея Каваленку вязнем сумлення. Прычынаю сталі сведчанні міліцыянтаў, што той нібыта супраціўляўся пры затрыманні.

Паводле еўрадэпутата, толькі скансалідаваная палітыка ўсіх краінаў Еўразвязу можа запабегчы паўтарэнню гісторыі Каваленкі ды паспрыяць вызваленню астатніх палітвязняў. Пакуль жа, паводле ягоных словаў, стаўленне да Беларусі – “то бізун, то пернік”.

Справа Каваленкі

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 г. паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання на “хатняй хіміі”. Ідзецца аб прысудзе, вынесеным апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску.

Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў