Савіных: нам патрэбны час на дэмакратыю


Прэс-сакратар МЗС распавёў на брыфінгу пра нармалізацыю стасункаў з Еўразвязам.

У тым, што ў Беларусі трэба будаваць грамадзянскую супольнасць і закладаць дэмакратычныя традыцыі, паводле прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў Андрэя Савіных, афіцыйны Менск згаджаецца з Бруселем. Пра гэта чыноўнік заявіў на брыфінгу 18 кастрычніка.

{movie}Андрэй Савіных: дайце Беларусі часу на дэмакратыю|left|6992{/movie}Праблема, на думку сп. Савіных, – у розных падыходах: «Мы добра бачым, што на гэта патрабуецца час і спрыяльнае грамадскае асяроддзе, заснаванае на даверы і гарманізацыі інтарэсаў асноўных сацыяльных групаў. Менавіта такім чынам гэты працэс адбываўся ў краінах Захаду […]. На жаль, заходнія палітычныя колы адмаўляюць паступовасць і паступальнасць гэтага руху. Яны патрабуюць імгненнага ўвядзення гэтых стандартаў, ігнаруючы эканамічныя і сацыяльныя ўзрушэнні і дыспрапорцыі, якія непазбежна паўстануць, калі гэты працэс будзе штучна паскораны».

Савіных зрабіў выснову, што Захад проста выкарыстоўвае тэму правоў чалавека для ціску на нашую краіну ў сваіх палітычных і эканамічных інтарэсах.

{movie}Андрэй Савіных не забыўся пра мядзвежы дэсант|right|6993{/movie}Шведскі самалёт не дае спакою

Сярод іншых «раздражняльнікаў» прэс-сакратар назваў інцыдэнт са шведскім летаком. Ён заявіў, што Беларусь будзе патрабаваць ад Швецыі адказу на свой запыт, які датычыць мінання шведскім лёгкаматорным самалётам беларускай дзяржаўнай мяжы.

«Сітуацыя выглядае дзіўна, – мяркуе Савіных. – Прадстаўнікі ЕЗ вельмі хутка ацэньваюць дзеянні ўрадаў замежных дзяржаваў, калі лічаць, што тыя не адпавядаюць іх прынцыпам. У сітуацыі са шведскім самалётам усё відавочна – учынена злачынства. А ў адказ – цішыня. Заходнія ўрады як вады ў рот набралі. Атрымліваецца, што краіны Захаду заахвочваюць сваіх грамадзянаў да здзяйснення злачынстваў на тэрыторыі іншых дзяржаваў пад прыкрыццём паліткарэктных лозунгаў?»

Патрэбныя перамовы

«Так што спіс прэтэнзіяў ёсць у абодвух бакоў, – рэзюмаваў прадстаўнік МЗС. – Развязаць іх можна толькі за сталом перамоваў і ў рамках канструктыўнага ўзаемадзеяння».

belsat.eu

Стужка навінаў