Былы міліцэйскі начальнік прапаноўвае «памерацца электаратам»


{movie}Алег Гайдукевіч кліча апазіцыю на Бангалор|left|6936{/movie}“Мы прапаноўваем усім палітычным сілам краіны, усім гэтак званым кандыдатам у прэзідэнты, усім, хто называе сябе сур’ёзным палітыкам, усім зарэгістраваным і незарэгістраваным структурам, нацыянальным асамблеям, кангрэсам і гэтак далей не пазней як увосень 2013 года сабрацца на плошчы Бангалор у вызначаным законам парадку, прывесці сваіх прыхільнікаў”, – заявіў Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

На ягонае меркаванне, беларускім палітычным партыям і рухам “трэба прызвычайвацца да рэальнай палітыкі”. “У нас усе прызвычаіліся дасылаць інтэрнэт-паведамленні: хтосьці з-за мяжы шле паведамленні пра стварэнне ценявога ўраду, хтосьці яшчэ заяўляе штосьці. Адкрыеш інтэрнэт – такое ў краіне бурлівае палітычнае жыццё, а выходзіш на вуліцу – нічога няма”, – адзначыў Гайдукевіч.

Менавіта таму, паводле яго, ЛДП прапаноўвае ўсім палітычным сілам паказаць, колькі людзей іх падтрымлівае рэальна.

“Мы даем паўгода-год на падрыхтоўку, мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі. Можна за паўгода мабілізаваць усіх сваіх прыхільнікаў і выйсці. Мы хоць пабачым, хто што з сябе ўяўляе, – дадаў ён. – Мы возьмем на сябе арганізацыю гэтай акцыі, мы возьмем адказнасць, гатовыя падаць заяўку ў Менгарвыканкам і ў межах закону за гэта адказваць”.

Пра мінулае не шкадуе

З 2009 года Алег Гайдукевіч займаў пасаду начальніка УУС Фрунзенскага раёну Менска, адкуль сёлета звольніўся і 5 верасня быў абраны намеснікам старшыні партыі, якую ўзначальвае ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч. Актывісты “Маладога фронту” пацікавіліся, ці не жадае Гайдукевіч-малодшы, якія стаў публічным палітыкам, папрасіць у людзей прабачэння за свае дзеянні – за тое, што ён асабіста кіраваў задушэннем мірных акцыяў пратэсту, а таксама за тое, што ў Фрунзенскім РУУС складаліся фальшывыя пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях.

“Я ганаруся сваёй службаю ў органах унутраных справаў, – адказаў Алег Гайдукевіч. – І прасіць прабачэння ні ў кога за тое, што я працаваў у міліцыі, не буду. Больш за тое, для мяне не зразумела, як некаторыя палітычныя сілы хочуць падзяліць беларусаў: тыя, хто працуе ў праваахоўных органах і дзяржаўнай сістэме, – адныя, а тыя, хто не працуе, – іншыя. Гэтага нельга рабіць, мы ўсе – грамадзяне Беларусі, і тыя, і іншыя. Немагчыма змагацца за ўладу, не ўлічваючы інтарэсаў усіх групаў Рэспублікі Беларусь, усіх сацыяльных слаёў, без гэтага нічога не атрымаецца. Таму ніякіх прабачэнняў з майго боку ніколі не будзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў