Лукашэнка: Беларускі рубель пачаў умацоўвацца


Кіраўнік Беларусі даручыў ураду замацаваць гэтую тэндэнцыю

Сёння прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч зрабіў даклад Аляксандру Лукашэнку.

Прэзідэнт заявіў, што яго задавальняе «пералом гэтага палітычнага вэрхалу і дзеянняў нашай так званай апазіцыі, якая запалохвала насельніцтва праз СМІ ды інтэрнэт, спараджаючы нейкія дэвальвацыйныя чаканні». Паводле яго, «пералом» адбыўся тыдзень таму.

Аднак кіраўнік краіны адразу перасцярог: «Наша нацыянальная валюта павінна быць не залішне трывалай і моцнай, каб экспарт не паваліць, але і штучна, дагаджаючы нейкім палітычным момантам, нам не трэба яе аслабляць. Таму Нацыянальны банк праводзіць абсалютна правільную палітыку».

Прэзідэнт запэўніў, што гэта не супакойванне: «Трэба цяпер напружыцца з экспартам, памяншаць дэбіторскую запазычанасць, больш прадаваць і спыніць усе гэтыя размовы «ай-яй-яй, у свеце крызіс». Пакуль яшчэ ніякага крызісу няма і трэба займаць тыя рынкі, якія сёння вызваляюцца ў сілу розных прычынаў, і не здаваць сваіх».

«Камунарка» – стратнае прадпрыемства

«Трэба проста працаваць, каб не адбылося так, як гэта было на «Камунарцы». А такіх прадпрыемстваў у нас дастаткова, дзе мы проста губляем грошы, каб дагадзіць нейкім незразумелым інвестарам, якія жывуць ці то ў Амерыцы, ці то ў Расеі, ці то яшчэ дзесьці», – заўважыў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка загадаў Мясніковічу жорстка паставіць гэтае пытанне перад міністрамі, якія займаюцца матэрыяльнаю вытворчасцю, «бо пойдуць усе, як Данчанка, кіраваць дрэннымі стратнымі прадпрыемствамі». (Былы кіраўнік канцэрну «Белдзяржхарчпрам» прызначаны дырэктарам фабрыкі «Камунарка», якая сёлета мае прынесці прыбытак $ 12–13 млн).

Лукашэнка патлумачыў, што замест таго, каб утрымліваць курс рубля «макраэканамічнымі намаганнямі», трэба займацца матэрыяльнаю вытворчасцю: «вырабіў, прадаў, атрымаў грошы на вонкавых рынках – і будзе нармальная сітуацыя».

Што сказаў Мясніковіч?

Мясніковіч, паводле прэс-службы прэзідэнта, даклаў, што ў цэлым эканоміка працуе стабільна: па выніках дзевяці месяцаў бягучага года тэмп росту ў прамысловасці склаў 107,7 %, у сельскай гаспадарцы – 105 %, стабілізавалася сітуацыя на валютным рынку.

«Тыя чаканні, калі некаторыя разлічвалі на абвал беларускага рубля, аказаліся беспадстаўнымі, і цяпер беларускі рубель умацоўваецца. Галоўнае, што растуць дэпазіты фізічных і юрыдычных асобаў у нашай банкаўскай сістэме: прырост за дзевяць месяцаў склаў Br 31 трлн з улікам валютаў. З іх Br 21 трлн – гэта ўнёскі насельніцтва», – падвынікаваў прэм’ер.

belsat.eu

Стужка навінаў