Візіт патрыярха Кірыла: як па нотах


Дачыненні свецкай і духоўнай улады ў Беларусі будуюцца “згодна з прынцыпам сімфоніі, гэта значыць, гарманічнага саюзу і супольнай працы на карысць Айчыны”, мяркуе Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў Менску патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Лукашэнка: пазіцыі праваслаўя непахісныя

Ён запэўніў суразмоўцу ў тым, што праваслаўе ёсць “фундаментальным каменем духоўнасці беларускага народу”. “Беларусь паспяхова развівае супрацу з нашаю праваслаўнаю царквою”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

“Яшчэ адным сведчаннем гэтых добрых дачыненняў стала адкрыццё ў Менску помніка патрыярху Аляксію II – мудраму пастыру, які быў, паводле евангельскага слова, соллю зямлі ды святлом свету, якога мы глыбока шануем таксама, як і вы. І ваш візіт – сведчанне гэтаму”, – адзначыў Лукашэнка, назваўшы кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) “верным і надзейным сябрам”, які падтрымлівае Беларусь “у самых няпростых сітуацыях”.

“Можаце быць упэўнены ў тым, што пазіцыі праваслаўя ў Беларусі непахісныя”, – падкрэсліў Лукашэнка. “Гэта не таму, што і я як кіраўнік дзяржавы, і нашыя святары, сінод, высокашаноўны мітрапаліт – прыхільнікі гэтага. Гэта таму, што беларусы такія. Мы ніколі не былі здраднікамі, мы заўсёды былі надзейнаю апораю тым, з кім сябравалі, а праваслаўе для нас – той фундаментальны камень, закладзены ў аснову нашай духоўнасці і нашага народу”, – сказаў кіраўнік Беларусі.

Патрыярх Кірыл: захаваць духоўнасць Святой Русі

У сваю чаргу кіраўнік РПЦ падкрэсліў, што Руская праваслаўная царква на працягу ўсёй сваёй больш чым тысячагадовай гісторыі служыла адзінству народаў.

“У ХХ і ХХI стагоддзях мы як бы жывем у розных дзяржавах. Народы пайшлі шляхам суверэннай арганізацыі свайго дзяржаўнага жыцця, і царква з павагаю ставіцца да гэтага нацыянальнага выбару. Але гэтую павагу яна суправаджае намаганнямі, скіраванымі на захаванне духоўнай культурнай прасторы той самай гістарычнай Святой Русі. І адно не супярэчыць другому”, – падкрэсліў патрыярх Кірыл.

Лукашэнка ўручыў патрыярху Кірылу ордэн Дружбы народаў “за значны ўклад у саюзнае будаўніцтва, умацаванне дружалюбных дачыненняў, адзінства народаў Беларусі ды Расеі”.

belsat.eu

Стужка навінаў