У Літве абіраюць Сейм і вырашаюць лёс АЭС


Парламенцкія выбары ў Літве сумясцілі з рэферэндумам аб будаўніцтве атамнай станцыі.

АЭС скажуць «не»?

Літва збіраецца пабудаваць атамную станцыю, што мае паўстаць непадалёк мяжы з Беларуссю. Плануецца, што Вісагінскую АЭС увядуць у эксплуатацыю ў 2022 г., яе пабудова яшчэ не пачалася праз фінансавыя праблемы. Акрамя таго частка грамадзянаў Літвы выступае супраць «мірнага атаму».

Выбарнікі атрымаюць бюлетэнь са сцверджаннем «Ухваляю будаўніцтва новай атамнай станцыі ў Літоўскай Рэспубліцы», пад якім будуць два варыянты адказу: «Так» і «Не».

Паводле апытанняў Цэнтру даследавання грамадскай думкі «Vilmorus», за пабудову АЭС выказваюцца 22 % рэспандэнтаў, супраць – 62 %, не вызначыліся – 16 %.

Як зменяцца дачыненні Вільні і Менску?

У Літве існуе змешаная сістэма выбараў: 71 дэпутат выбіраецца па аднамандатных акругах, яшчэ 70 – паводле партыйных спісаў. У выбарах удзельнічаюць 27 партыяў, аднак толькі 17 з іх (а таксама чатыры партыі ў складзе кааліцыі) ідуць на выбары паводле партыйных спісаў, астатнія вылучаюць сваіх кандыдатаў толькі ў аднамандатных акругах.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што парламент Літвы не мае выразна выяўленай пазіцыі ў дачыненні Беларусі. «Ёсць пазіцыя партыяў, якія праходзяць у парламент, і ёсць пазіцыя большасці найбуйнейшых партыяў у знешняй палітыцы, заяўленая ў пакце 2004 года», – гаворыць эксперт. Паводле яго, «гэтую карціну моцна ўскладняе прыход да ўлады ў 2009 г. Далі Грыбаўскайце, якая не прытрымліваецца гэтай партыйнай палітыкі і пакту».

«Гэта ўносіць пэўны хаос у вонкавую палітыку Літвы, бо вельмі часта адбываецца сутыкненне пазіцыяў і меркаванняў прэзідэнта і МЗС, а таксама партыяў у адносінах да знешняй палітыкі», – сказаў Мельянцоў.

Паводле палітолага, Грыбаўскайце выступае за больш прагматычныя, дзелавыя адносіны з Беларуссю, менш абумоўленыя палітычнымі патрабаваннямі да беларускага ўраду. Партыі ж, у прыватнасці кансерватары, выступаюць за большае падтрыманне дэмакратызацыі Беларусі, звязваюць узровень эканамічных і палітычных адносінаў з Беларуссю з дэмакратычнымі зменамі ў ёй. На думку Дзяніса Мельянцова, новы парламент не паўплывае на гэтую расстаноўку сілаў. «Хоць шмат што будзе залежаць ад таго, ці зробіцца парламент больш кансерватыўным, ліберальным або сацыял-дэмакратычным. Зыходзячы з гэтага і будзе будавацца знешняя палітыка Літвы, у тым ліку яе стаўленне да Беларусі», – падсумоўвае палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў