Лукашэнка зноў выратаваў народ ад нячэсных інвестараў


Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўсведамляе: кадравы пагром на фабрыках “Спартак” і “Камунарка” пагоршыць інвестыцыйны клімат у краіне. Гісторыя нагадвае колішнія скандалы з “Ford’ам” і “Балтыкаю”.

“Інвестыцыйны клімат мяне, вядома, турбуе, але не за кошт дзяржавы і беларускага народу. Гэта трэба памятаць заўсёды і ўсім, хто звяртаецца да мяне”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Учора Лукашэнка запатрабаваў ліквідаваць назіральныя саветы на самых вядомых беларускіх кандытарскіх фабрыках “Камунарка” і “Спартак”. А пасля загадаў павялічыць дзяржаўную долю ў гэтых адкрытых акцыянерных таварыствах практычна ўтрая. На “Камунарцы” ён пабываў асабіста.

Найбольш пацярпіць ад гэтага замежны інвестар – амерыканскі бізнесовец беларускага паходжання Марат Новікаў. Ён валодае 54 % акцыяў “Спартака” і 34 % – “Камунаркі”, частку з якіх выкупіў у працаўнікоў. Кіраўнікоў прадпрыемстваў звольнілі за тое, што яны, паводле Лукашэнкі, дзеялі ў інтарэсах Новікава і пачалі “бударажыць калектывы”.

Сам Марат Новікаў на нараду на “Камунарцы” не прыйшоў. У інтэрвю інфармацыйна-аналітычнаму агенцтву “Бизнес-новости” ён распавёў, што сёлета “Спартак” мае прынесці болей за $ 15 млн прыбытку, “Камунарка” – $ 12–13 млн. Ён шакаваны, што рэвалюцыйныя змены ў структуры прадпрыемстваў адбыліся нават не на падставе ўказу прэзідэнта, а на ягоны вусны загад.

Яўген Прэйгерман, дырэктар у справе даследаванняў цэнтру “Ліберальны клуб”, узгадаў у інтэрв’ю “Бі-бі-сі”, што ў выніку падобных скандалаў Беларусь у 90-я гады пакінуў “Ford”, а пасля – расейская “Балтика”.

Гісторыя скандалу

У сакавіку 2011 г. Лукашэнка сваім указам даў мясцовым уладам права на прыярытэтнае набыццё акцыяў, выпушчаных у сярэдзіне 90-х гадоў у перыяд ільготнай прыватызацыі. У чэрвені таго ж года Менскі гарвыканкам афіцыйна адмовіўся ад пераважнага права выкупу акцыяў “Камунаркі”.

Тады прадпрыемства выкупіла акцыі ў былых і цяперашніх працаўнікоў, каб прадаць іх інвестару. Пасля Менгарвыканкам перадумаў і падаў у суд на работнікаў і пенсіянераў, якія прадалі свае акцыі амерыканскаму інвестару Марату Новікаву.

Абураныя працаўнікі ды ветэраны напісалі Лукашэнку, але той не прыняў іхнага боку.

Пасланне інвестарам

“Пара даўно прызнаць памылковасць таго, што было зробленае ў 90-я гады <…> і ніякай тут прыватызацыі быць не павінна! І спыніце ва ўрадзе займацца гэтаю лухтою”, – загадаў учора кіраўнік краіны.

У той жа час Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне чакаюць інвестараў, гатовых працаваць сумленна і адкрыта: “Калі ласка, сумленных інвестараў, якія, атрымаўшы ў народу тысячу, дадуць заўтра дзве. А не тых, якія, узяўшы тысячу, памахаюць там пад носам нейкімі дывідэндамі на 100 рублёў за год і скажуць: “Глядзіце, якія мы вялікія!”, а ў кішэню пакладуць на куплі сыравіны і на рэалізацыі прадукцыі праз свае падкантрольныя фірмы мільёны долараў. Гэта мы ведаем, гэта вельмі простая схема”.

belsat.eu

Стужка навінаў