Бяляцкага трымаюць у статусе «зацятага парушальніка»


Алесь Бяляцкі за сем месяцаў утрымання ў бабруйскай калоніі № 2 меў сем спагнанняў. Пра гэта паведаміў ягоны калега, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Нядаўна Стэфановіч атрымаў ад Бяляцкага адразу тры лісты. “У адным з іх ён піша, што інфармацыя, якая прайшла ў СМІ, пра тое, што яго змясцілі ў штрафны ізалятар, мела пад сабою ўсе падставы. Справа ў тым, што ён атрымаў чарговае спагнанне за тое, што нібыта спаў у неналежны час. Насамрэч Бяляцкі медытаваў. 19 верасня Бяляцкага павялі на медыцынскі агляд у санчасць – гэта першы знак таго, што яго збіраліся змясціць у ШІЗА. Гэта неабходная працэдура, каб праверыць, ці вытрымае чалавек умовы штрафнога ізалятара”, – заўважыў В. Стэфановіч.

Аднак другога кроку – змяшчэння Бяляцкага ў ШІЗА – не было. “Сам Алесь лічыць, што ў гэты момант адміністрацыя калоніі атрымала інфармацыю пра візіт да яго нунцыя Кляўд’ё Гуджэроцці, што адбыўся 25 верасня, і тэрмінова адмяніла сваё рашэнне”, – паведаміў праваабаронца.

“Бяляцкі таксама піша, што ў калоніі ён адзначыў не толькі свой 50-гадовы юбілей, але і яшчэ адзін маленькі юбілей – чвэрць тэрміну за кратамі, з улікам таго, што тэрмін адбыцця пакарання вылічаецца з моманту затрымання – 4 жніўня 2011 года”, – сказаў сп. Стэфановіч.

Праваабаронца адзначыў, што Бяляцкі ў калоніі па-ранейшаму мае статусе зацятага парушальніка рэжыму, яму абмежавалі магчымасць спаткання са сваякамі ды колькасць дазволеных перадачаў. “Такім чынам, яго фактычна ізалявалі ад навакольнага свету”, – лічыць былы калега Бяляцкага.

belsat.eu

Стужка навінаў