Станіслаў Шушкевіч: Палітычная кваліфікацыя людзей у Палаце прадстаўнікоў – нулявая


Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага складу Нацыянальнага сходу «большай адкрытасці» ды чакае выкарыстання «назапашанага папярэднікамі вопыту: заканадаўчага і палітычнага». Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч падкрэслівае: роля цяперашняга беларускага парламенту застаецца выключна дэкаратыўнаю.

«Калі ў грамадстве нармальны парламент, то звычайна неяк дэпутаты на тэлебачанні абмяркоўваюць, выслухоўваюць. Заедзьце ў Літву, Польшчу, паглядзіце, што там робіцца! А тут – цішэй вады, ніжэй травы! Бо гэта абсалютна непатрэбныя людзі, палітычная кваліфікацыя якіх мізэрная, нулявая. Іх функцыя – «одобрямс», – заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв’ю «Белсату».

За час сваёй працы ніжняя палата Нацыянальнага сходу IV склікання прыняла 428 законапраектаў, у тым ліку тры кодэксы. Адзін з апошніх прынятых законапраектаў – аб бюджэце Беларусі на 2013 г. Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, плануецца, што бюджэт будзе бездэфіцытны. Галоўны фінансавы дакумент краіны сфармаваны з разліку на сярэднегадавы курс 8950 руб. за долар ЗША. Бюджэт прынялі без доўгіх разглядаў і без спрэчак.

«Заканатворчаю дзейнасцю «палатка» не займаецца. Яна зацвярджае тое, што ёй дае Адміністрацыя прэзідэнта. Вось і ўся дзейнасць», – гаворыць Станіслаў Шушкевіч. Ён падкрэслівае, што нават у новым складзе Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі будуць адыгрываць дэкаратыўную ролю, бо ў парламент трапілі «прызначэнцы». «Разумныя структуры адразу сказалі: мы не пойдзем на гэтыя выбары, бо гэта не выбары. І вельмі шкада, што сярод нас, апазіцыі, знайшліся тыя, хто ў гэтыя гульні працягвае гуляць. Мне проста сорамна за тое, што сярод нас ёсць такія людзі», – падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч. Палітык упэўнены, што ў выбарах узялі ўдзел толькі 34 % выбарнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў