Бураўкін: Беларусы мала цікавяцца сваёй культураю і літаратураю


Чарговы нобель, гэтым разам па літаратуры, ідзе кітайскаму пісьменніку Мо Яню. Гэты псеўданім, які перакладаецца як «маўчы», загучаў па ўсім свеце.

Творчасць нобелеўскага лаўрэата яднае народныя паданні і сучаснасць. Творы аўтара перакладзеныя больш як на дзесяць моваў свету.

З беларусаў на нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры вылучаліся ў розныя гады Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў. На жаль, ніхто з іх прэміі не атрымаў.

Вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін спадзяецца, што беларускі літаратурны нобель яшчэ наперадзе. {movie}Генадзь Бураўкін у “Гарачым каментары”|right|6860{/movie}

«Беларуская літаратура сталая, прынамсі еўрапейскага ўзроўню, і нашыя намінанты на Нобелеўскую прэмію сваім талентам заслугоўвалі такой высокай адзнакі. Але ж прэтэндэнтаў шмат, а прэмія адна. Да таго ж не толькі творчасць усё вырашае. Тут мае сваё значэнне і палітыка, і ўменне прапіярыць сябе. На жаль, ні нашая дзяржава, ні грамадскасць такой настойлівасці не прадэманстравалі», – кажа Генадзь Бураўкін.

Паэт нагадвае, што сёлетні нобелеўскі лаўрэат у Беларусі невядомы. Але беларусы практычна не ведаюць і сваіх сучасных аўтараў. Генадзь Бураўкін бачыць у гэтым віну не толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадства.

«Беларусы мала цікавяцца сваёй літаратураю, сваёй культураю, сваёй гісторыяй, сваёй духоўнасцю. Гэта нашая бяда, і з ёю трэба змагацца», – кажа паэт.

Каб пераадолець гэты стан, Бураўкін лічыць неабходным найперш пачуцца беларусамі, пачуцца абавязанымі ведаць беларускую мову і цікавіцца культурным жыццём краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў