«Сарафаннае радыё» рэкламуе «Белсат»


«Белсат» зняў рэпартаж «Людзі з граніту» пра рабочых дзяржаўнага прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах, якія нягледзячы на складанасці стварылі незалежны прафсаюз.

Прэм’ера рэпартажу адбылася 5 кастрычніка а 20:30. Жыхары Мікашэвічаў (а тут іх каля 15 тысячаў) маглі даведацца пра рэпартаж з тысячы інфармацыйных улётак, раскіданых напярэдадні праз паштовыя скрыні ды пакінутых у людных месцах.

Гэта новая стратэгія тэлеканалу, якая палягае на кропкавых рэкламных акцыях у месцах, пра якія распавядаюць знятыя “Белсатам” дакументальныя фільмы, рэпартажы, праграмы. Шырыць інфармацыю дапамагае і т. зв. “сарафаннае радыё”, ці “цыганская пошта”, – перадаванне інфармацыі ад асобы да асобы.

Паводле сацыялагічных доследаў, пераважная частка гледачоў “Белсату” даведалася пра незалежны тэлеканал менавіта такім чынам.

Недзяржаўнае тэлебачанне, прадстаўнікі якога працуюць у Беларусі без афіцыйнай рэгістрацыі, мае вельмі абмежаваныя рэкламныя магчымасці. Мясцовыя газеты ды ўэб-сайты не заўсёды насмельваюцца публікаваць абвесткі “Белсату”. У такой сітуацыі не можа быць гаворкі пра вялікафарматную вулічную рэкламу.

Рэпартаж “Людзі з граніту”, які зняў Мікалай Ваўранюк, распавядае пра рабочых прадпрыемства “Граніт” у палескіх Мікашэвічах. Нягледзячы на тое, што “Граніт” – гэта адзіны вялікі працадаўца ў горадзе, частка работнікаў, выйшаўшы з афіцыйнага прафсаюзу, стварыла незалежны прафесійны звяз і дамаглася павышэння заробкаў.

У выніку змагання за свае правы некаторыя рабочыя страцілі працу, а іншыя адчулі на сабе ціск адміністрацыі прадпрыемства і ўладаў. Нягледзячы на гэта, незалежны прафзвяз працягвае дзеяць на “Граніце”.

Стужка навінаў