Філіп Качмарэк: Еўропа можа пашырыць санкцыі супраць афіцыйнага Менску


Якіх крокаў чакаць ад аб’яднанай Еўропы пасля чарговых недэмакратычных выбараў у Беларусі? Ці можа апошняе вызваленне двух палітвязняў быць падставаю для ўзнаўлення дыялогу паміж афіцыйным Менскам і Бруселем? Новы кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі Філіп Качмарэк даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату».

– Спадару Качмарэк, мне давялося працаваць падчас апошніх выбараў у Менску, і нас, журналістаў, пусцілі фактычна толькі на адзін выбарчы ўчастак – там, дзе чакалі кіраўніка назіральнай місіі АБСЕ. З усіх іншых участкаў нас літаральна выкідалі. Ці можам мы ў такіх варунках казаць пра адкрытасць выбараў?

{movie}Філіп Качмарэк: Еўропа можа пашырыць санкцыі |left|6736{/movie}- На жаль, мы не можам казаць, што гэтыя выбары былі вольныя, дэмакратычныя і празрыстыя. Не толькі для журналістаў, але таксама для назіральнікаў, якія назіралі прафесійна за працаю выбарчых камісіяў. Амаль у 40 % камісіяў назіральнікі не маглі назіраць падлік галасоў. А гэта – асноўная функцыя ў назіральных місіях. Але добра, што назіральніцкія місіі былі, бо дзякуючы гэтаму мы маем пэўную інфармацыю. Але ні журналісты, ні назіральнікі не мелі паўнавартасных магчымасцяў назіраць за тым, як адбываюцца выбары.

– Еўропа не прызнала выбараў у Беларусі справядлівымі і дэмакратычнымі. Ці не зробіцца пазіцыя Еўропы ў звязку з гэтым больш прынцыповаю ў дачыненні Беларусі?

– Гэта, вядома, для нас прыкра, што мы не можам прызнаць гэтых выбараў дэмакратычнымі, бо (у прыватнасці, з пункту гледжання Еўрапарламенту) нашмат лепш было б, калі б гэтыя выбары былі свабодныя і дэмакратычныя. Бо тады б мы мелі партнёра з беларускага боку. Але мы не можам парушыць нашых правілаў і стандартаў, нават калі б вельмі хацелі. Гэтыя выбары былі настолькі відавочна несправядлівыя і несвабодныя, што мы не можам іх прызнаць. Ці зробіць цяпер Еўрапейскі Звяз высновы больш радыкальныя ці менш – цяжка сказаць, але, відавочна, Еўрапарламент, Рада і Еўракамісія будуць пра гэта дэбатаваць.

– Вы замянілі на пасадзе кіраўніка дэлегацыі для сувязяў з Беларуссю Яцэка Пратасевіча, які працяглы час займаў гэтую пасаду. Ці зменяцца ў звязку з гэтым прыярытэты дэлегацыі, яе пазіцыя наконт падзеяў у Беларусі?

– Не будзе рэвалюцыяў. Праца дэлегацыі для кантактаў з Беларуссю магла б змяніцца, калі б выбары былі справядлівыя. Змена кіраўніка не можа кардынальна змяніць нашай пазіцыі з розных прычынаў: мы з таго самага палітычнага аб’яднання, мы з той самай краіны. Што мы стараемся зрабіць – дык гэта заангажаваць у супрацу з Беларуссю не толькі дэпутатаў з дзяржаваў – суседзяў Беларусі. Бо ёсць так, што большасць дэпутатаў, якія ангажуюцца ў супрацу ў беларускіх справах, – гэта дэпутаты з краінаў – суседзяў Беларусі. Мы хочам, каб пытанне Беларусі было пытаннем агульнаеўрапейскім, [мы хочам] абудзіць цікаўнасць не толькі да палітыкі, але і да культуры, цывілізацыі, абменаў, умацавання грамадзянскай супольнасці. Каб у гэта была заангажаваная ўся Еўропа, а не толькі Польшча і некалькі краінаў па суседстве.

– Лукашэнка не так даўно вызваліў двух палітвязняў, але, як сцвярджаюць сведкі, стаўленне да іншых палітвязняў у турмах Беларусі пагоршылася. Як вы ацэньваеце гэтыя вызваленні і ці не лічыце, што Еўропа мае прыняць больш жорсткія захады ў дачыненні рэжыму Беларусі, у прыватнасці, эканамічныя санкцыі, каб дамагчыся вызвалення рэшты палітвязняў?

– Пытанне палітвязняў ёсць ключавым, калі гаворка ідзе пра будучыню стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам. І ніколі не будзе поўнай нармалізацыі гэтых стасункаў, калі не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні. Зразумела, мы цешымся, калі вызваляюць нават аднаго палітвязня, бо гэта добры знак. Але пакуль хаця б адна асоба застаецца ў Беларусі ў зняволенні з палітычных матываў, мы не можам наладжваць поўных і нармальных кантактаў. Адна з ідэяў, што цяпер зрабіць, каб змусіць да вызвалення ўсіх палітвязняў – гэта пашырэнне санкцыяў. Як мы гаворым, гэтыя санкцыі мусяць быць «разумнымі санкцыямі», якія не ўдараць па звычайных людзях у Беларусі. Гэта мусяць быць санкцыі, якія ўдараць па рэжыме, па асобах, якія падтрымліваюць рэжым, але не па ўсіх беларусах і не па Беларусі як краіне. І Рада будзе разглядаць магчымасць пашырыць такія санкцыі ў кастрычніку. Гэта адзін з варыянтаў, які сур’ёзна разглядаецца. Але дакладна, што пакуль усіх палітвязняў не вызваляць, няма шанцаў на тое, каб глыбей супрацоўнічаць з уладамі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў