Нямеччына будзе ўздзейнічаць на беларускую ўладу праз бізнес


Дэпутат Бундэстагу Марылюізэ Бэк заявіла, што эканамічныя дамовы і кантракты не ёсць цалкам свабоднымі ад паняццяў еўрапейскіх каштоўнасцяў, і нямецкі бізнес мусіць гэта асэнсаваць. “Нямецкім бізнесоўцам, што працуюць з Беларуссю, павінна быць зразумела, што ў адносінах да паліцэйскай дзяржавы, бадай, найбольш мэтазгодным будзе праяўляць некаторую стрыманасць”, – сказала дэпутатка.

Нямецкія палітыкі прыцягваюць на свой бок Усходні камітэт нямецкай эканомікі. Гэты камітэт ёсць супольнай ініцыятывай эканамічных саюзаў і прадпрыемстваў Нямеччыны. І выступае ў якасці ўплывовай кантактнай асобы для прадпрыемстваў і адміністрацыйных органаў за мяжой і ў самой Германіі. У якасці прыкладу аднаго з магчымых эканамічных рычагоў уздзеяння на беларускую ўладу з боку нямецкага бізнесу эксперты з Усходняга камітэту нямецкай эканомікі называюць фірму CLAAS – вядучага сусветнага вытворцу сельскагаспадарчай тэхнікі. “Кіраўніцтва фірмы, якое мае непасрэдныя кантакты з беларускім прэзідэнтам, мусіць выкарыстоўваць іх для спробаў змяніць сітуацыю”, – адзначыла Марылюізэ Бэк.

Бізнес-аглядальнік Вадзім Селіханаў мяркуе, што ў сваім рашэнні эканамічна ўздзейнічаць на ўлады Беларусі нямецкія парламентарыі кіруюцца папярэднім досведам. “На жаль, эканамічныя санкцыі ў адносінах да Беларусі ўжо прымяняліся. І хоць гэты шлях складана назваць цывілізаваным, але ў адносінах да беларускай улады ён спрацоўвае. Сёння прэзідэнт і ўрад кіруюцца толькі прагматычным разлікам, але не вядома, у каго заўтра давядзецца прасіць грошай. Таму калі пазіцыя нямецкіх чыноўнікаў будзе ўзгодненая з іншымі еўрапейскімі калегамі, нас чакае сапраўднае сутыкненне інтарэсаў, якое не пойдзе на карысць бізнесу, але некаторыя палітычныя змены могуць адбыцца”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў