Падыходзіць да заканчэння 104-ы дзень паслявыбарчых пратэстаў у нашай краіне. Падводзім іх вынікі.
СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу за збіццё 16-гадовага школьніка
Мікіту Залатарова абвінавачваюць у тым, што 10 жніўня, збягаючы ад сілавікоў падчас разгону акцыі пратэсту ў Гомлі, ён нібыта кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў бок міліцыянта. Хлопцу пагражае да 10 гадоў зняволення паводле ч. 3 арт. 339 («зацятае хуліганства») КК.
У Горадні спрабавалі спаліць машыну міліцыянта
Паводле СК, у ноч на 20 лістапада ў адным з двароў Горадні невядомыя пашкодзілі аўтамабіль Skoda, які належыць 41-гадоваму мужчыне.
«Непасрэдна каля аўтамабіля прысутнічалі сляды гарэння. Устаноўлены прыкметы выбуху ў выглядзе пашкоджанні пярэдняй часткі транспартнага сродку. Таксама пашкоджаныя тры аўтамабіля, што стаялі побач. Мужчына растлумачыў, што ён дзейны працаўнік міліцыі і раней падрабязныя дадзеныя аб ім былі размешчаныя ў адным з радыкальных тэлеграм-каналаў», – адзначаюць у СК.
Развітанне з Раманам Бандарэнкам. Стала вядома, што яго пахаваюць на Паўночных могілках.
Беларускі гурт Pomidor/OFF прэзэнтаваў песню «Я Выхожу». Яна прысвечаная Раману Бандарэнку, а таксама ўсім арыштаваным, катаваным, забітым грамадзянам Рэспублікі Беларусь падчас падзеяў 2020 году, за апошнія 26 год і за ўвесь тэрмін дзеяння савецкай улады.
Плюс 1 457 інфікаваных каронавірусам за дзень. Мінздароўя апублікавала новую статыстыку
Агулам, паводле афіцыйных звестак, у Беларусі ад пачатку пандэміі захварэлі 120 847 чалавек (+1 457 за содні), а памерлі 1081 пацыент (+7).
Менгарсуд адхіліў скаргу абароны Марыі Калеснікавай на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Суд палічыў законным яе знаходжанне пад вартай да 8 студзеня.
Адвакат Людміла Казак звярнула ўвагу: рашэнне абвяшчалася на закрытым пасяджэнні, што не адпавядае Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу, бо ўсе пастановы суда з’яўляюцца публічнымі і павінны абвяшчацца ў прысутнасці ўсіх жадаючых.
ГУБАЗіК затрымаў 33-гадовую жыхарку Менску, якая названая адміністратарам телеграм-каналаў «Мая Краiна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь Головного Мозга», «Элехтарат» і «Еўрапейская Беларусь».
Журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай сёння было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Ёй абраная мера стрымання: арышт на 2 месяца (то бок да 20 студзеня 2021 года).
Бацькі менскай школы № 61 паведамляюць пра масавае атручванне
Бацькі вучняў кажуць, што некалькіх вучняў ванітуе, кагосьці забралі дадому, а некалькі дзясяткаў дзяцей звярнуліся ў медпункт.
«Моцнае масавае атручэнне шаўрмой, якую давалі ў школьнай сталовай. Жудасная ваніты, слабасць! Вельмі шмат выпадкаў па ўсёй школе».
Алане Гебрэмарыям, якая зʼяўляецца прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі, выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК. Яна застаецца ў СІЗА КДБ на 2 месяцы.
Таксама вядома пра аналагічныя рашэнні ў дачыненні да затрыманых студэнтаў: Глеба Фіцнера, Ягора Канецкага і Іллі Трахтэнберга.
Беларусы выходзяць на вуліцы кожны дзень за кожнага з нас ✊