104-гадовы навуковец заплаціў $ 11 000, каб памерці ў швейцарскай клініцы


9 траўня 2018 г. Базэль (Швейцарыя). Дэвід Гудол дае прэс-канферэнцыю напярэдадні сваёй смерці

Геабатанік, эколаг-статыстык, найстарэйшы навуковец Аўстраліі, Дэйвід Гудол памёр у клініцы «Life Circle» у швейцарскім горадзе Базэлі. За магчымасць памерці Гудол заплаціў каля $ 11 000 (кошт эўтаназіі).

Дэвід Гудол нарадзіўся ў 1914 годзе ў Лондане. У 1948 годзе пераехаў у Аўстралію. Быў выкладчыкам у Мельбурнскім універсітэце. Аўтар больш за 100 навуковых працаў.

Гудол прыехаў у Швейцарыю, бо аўстралійскае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці правядзення эўтаназіі.

Навуковец памёр 10 траўня а 10:00 гадзіне ў прысутнасці членаў сям’і і блізкіх сяброў. Гудол папрасіў, каб у апошнія хвіліны гучала 9-ая сімфонія Бэтховэна.

«Ён хоча памерці і сам вырашае, калі гэта мае адбыцца. Тое, што ён *робіць публічна, сведчыць* пра ягоную адвагу», – сказаў брытанскаму выданню dailymail.co.uk 36-гадовы ўнук Гудола Дункан.

Навуковец хацеў прыцягнуць сваёй смерцю ўвагу да пытання эўтаназіі. 9 траўня ён даў прэс-канферэнцыю.

«Мы павінны мець права выбраць смерць, калі надыходзіць адпаведны момант для яе. Я шчаслівы, што магу нарэшце спыніць жыццё», – заявіў падчас прэс-канферэнцыі Дэвід Гудол.

Эўтаназія – практыка спынення жыцця чалавека, які мае невылечнае захворванне, цярпіць невыносныя пакуты або проста хоча памерці.

ЮВ, belsat.eu паводле, dailymail.co.uk, euronews.com

Стужка навінаў