Беларускае кіно: справаздача. У Берасці скончыўся рэспубліканскі кінафестываль. Агляд падзеяў культуры.


У Берасці скончыўся 8-мы рэспубліканскі кінафестываль – гэта своеасаблівая справаздача беларускага кіно за апошнія 2 гады. Найлепшыя водгукі крытыкаў прадказальна атрымалі дакументальныя стужкі – падобна, гэта найлепшае, што ёсць у нашым кіно.{movie}Агляд падзеяў культуры (03.10.2012)|left|6700{/movie}

Імаверна, таму і Гран-пры фестывалю атрымала дакументальная стужка “Дрысвяты. Песня і лёс” рэжысёра Міхаіла Жданоўскага. Агулам жа за 4 дні фестывалю былі паказаныя каля паўсотні стужак – ігравых, дакументальных і анімацыйных. Што праўда, колькасць фільмаў не заўсёды сведчыць пра ўзровень кінаадбору.

ІНА ХОМІЧ, ГАЗЕТА «БРЕСТСКИЙ КУРЬЕР»

“Рэпрэзентаваныя толькі студыі “Беларусьфільм”, “Відэацэнтр”. Не было ніякага прадстаўніцтва незалежных студыяў, якія ў нас ёсць таксама”.

Паводле ж журы, найлепшы ігравы фільм за апошнія 2 гады – “Самотная выспа” (гэта супольная праца кінематаграфістаў з Беларусі, Эстоніі ды Латвіі). Прыз за найлепшую рэжысуру дастаўся Аляксандру Яфрэмаву за серыял „Немец”. Найлепшым акторам прызнаны Руслан Чарнецкі, найлепшаю акторкаю – Вераніка Пляшэвіч. Абое яны сыгралі ў стужцы “На ростані” маладога, але шматабяцальнага рэжысёра Сяргея Лебедзева.

СЯРГЕЙ ЛЕБЕДЗЕЎ РЭЖЫСЁР
“Для мяне гэта першы ўдзел у фестывалях такога кшталту, таму я гляджу з шырока расплюшчанымі вачыма на гэта ўсё. Столькі людзей, столькі ўвагі…”

Берасцейскі фестываль скончыўся, але аматары нашага кіно чакаюць іншай кіна-падзеі – фестывалю беларускіх фільмаў “Бульбамуві”, што пройдзе напрыканцы кастрычніка ў Варшаве.

Іншыя тэмы: нарадзінка Менску Надзея Кучар узяла першы прыз на 49-м Міжнародным конкурсе вакалістаў у Галандыі. У лонданскім “доме мерцвякоў” адчынілася экспазіцыя жывапісу.

belsat.eu

Стужка навінаў