Новыя станцыі метро адчыняць на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі


Яшчэ адну – у 2013 г.

Пра тое, што тры новыя станцыі менскага метрапалітэну: “Грушаўка”, “Міхалова” і “Пятроўшчына” – плануецца адчыніць 7 лістапада, паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Паглядзець на новае метро можна ў фотарэпартажы БелТА.

Ладуцька дадаў, што яшчэ адну станцыю – “Малінаўка” – маюць здаць у 2013 г.

Да 7 лістапада адкрыюць рух на адцінку праспекту Дзяржынскага да медычнага ўніверсітэту. Цяпер праезд ёсць толькі да вуліцы Уманскай. Налета ўсе працы на праспекце Дзяржынскага плануецца завершыць.

З будаўніцтвам метро звязаныя два скандалы. Летась у верасні расейскія блогеры змясцілі ў Сеціве фотаздымкі ў пацверджанне таго, што ўначы яны спакойна прайшлі на рэжымны аб’ект. Пазней кіраўніцтва метрапалітэну ў інтэрв’ю “Комсомольской правде” заявіла, што гэта быў фотамантаж.

Сёлета ж у студзені спусціцца на станцыі ўначы нібыта планавала група расейскіх дыгераў, якую на аўтавакзале “Усходні” затрымала сталічная міліцыя – на скаргу дырэктара гатэлю. Хлопцы атрымалі ад двух да дзесяці дзён арышту за дробнае хуліганства.

belsat.eu

Стужка навінаў