Прадстаўнікі АБСЕ пасля апошніх выбараў поўныя сумневаў


Назіральнікі не маглі паўнавартасна сачыць за працэсам падліку галасоў на выбарчых участках у Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) Антоніё Мілашоскі напярэдадні свайго ад’езду з Беларусі. {movie}Мілашоскі: Пэўныя сумневы пры падліку галасоў|left|6667{/movie}

“З дыстанцыі сямі метраў можна глядзець тэлевізар, але немагчыма ажыццяўляць паўнавартаснае назіранне за падлікам галасоў”, – сказаў Мілашоскі.

“Рэч не ў адлегласці, а ў даверы. Іншымі словамі, ці існуе поўны давер да тых асобаў, якіх вы запрасілі назіраць за хадою выбарчай кампаніі, і ці гатовыя даць ім магчымасць прысутнічаць пры падліку галасоў ды забяспечваць такім чынам празрыстасць працэсу”, – падкрэсліў кіраўнік місіі.

“Але калі працэс падліку галасоў – прывілей выключна сябраў выбарчай камісіі, а назіральнікі не могуць паўнавартасна за ёю сачыць, узнікаюць пэўныя сумневы”, – дадаў прадстаўнік АБСЕ.

Паводле Мілашоскага, адсутнасць у Беларусі дакладна вызначанай працэдуры падліку галасоў не дае гарантыі іх сумленнага падліку. Важнае тут не толькі тое, хто і як галасуе, але і тое, хто і як гэтыя галасы падлічвае.

Апазіцыя ўпэўненая: вынікі выбараў сфальсіфікаваныя

Шэраг апазіцыйных партыяў падпісаў сёння заяву, у якой сцвярджаецца, што “выбары не адбыліся і Палата прадстаўнікоў не абраная”. Апазіцыя сцвярджае, што ўлады сфальшавалі вынікі выбараў, а большасць грамадзянаў не прыняла ўдзелу ў працэсе галасавання.

Заяву падпісалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Руху, “Еўрапейскай Беларусі”, аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларускага прафсаюзу РЭП, “Маладога фронту” і Рады інтэлігенцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў