Міністр фінансаў: Бюджэт-2013 стане якарам для збалансаванага развіцця


Бюджэт-2013 – гэта не толькі дзіўныя параўнанні Андрэя Харкаўца, але і звышаптымістычныя разлікі адносна курсу рубля і абяцанні павысіць заробкі.

Моцны рубель?

Бюджэт краіны на 2013 г. сфармаваны з разліку сярэднегадавога курсу Br 8950 за долар ЗША, паведаміў 2 кастрычніка журналістам у Менску міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Ён падкрэсліў, што ў апошнія гады ў Беларусі фармуецца бездэфіцытны бюджэт, які ўдаецца выконваць.

Адною з найважнейшых задачаў Харкавец назваў захаванне макраэканамічнай эфектыўнасці, а бюджэт, паводле яго, “будзе якарам для збалансаванага развіцця краіны”.

Незалежныя эксперты ж гавораць, што ўрад фактычна ўжо пачаў праводзіць паступовую дэвальвацыю беларускага рубля.

Самы цяжкі год? Нічога страшнага!

У 2013 г., паводле словаў Харкаўца, Беларусь “увойдзе з вонкавым доўгам 12 млрд долараў, а выдаткі на пагашэнне складуць 3,2 млрд”. “Лічба гэтая для нас не крытычная, хоць мы ўвайшлі ў перыяд пікавых выплатаў вонкавых абавязацельстваў”, – сказаў Харкавец, падкрэсліўшы, што на выплату вонкавага доўгу будзе скіраваная праца ўсёй беларускай эканомікі.

Аднак расплаціцца за пазыкі самастойна сёлета Беларусь не ў стане. Афіцыйны Менск плануе перапазычыць грошай амаль на палову ўсіх вонкавых фінансавых абавязанняў краіны. Урад спадзяецца на новы крэдыт ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і на прыбыткі ад размяшчэння дзяржаўных аблігацыяў.

Кіраўнік Міністэрства фінансаў таксама паведаміў, што Беларусь гатовая рэалізаваць новую праграму з Міжнародным валютным фондам. “У найбліжэйшы час адбудзецца гадавы сход фонду. Дэлегацыя Беларусі правядзе там кансультацыі з прадстаўнікамі МВФ, – сказаў Харкавец. – Мы заяўлялі і будзем заяўляць, што Беларусь гатовая рэалізаваць новую праграму з МВФ. Пытанне сёння будзе на баку нашых партнёраў”.

belsat.eu

Стужка навінаў